RFE/RL |
Аўторак, 30 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Нядаўні скандальны ад’езд Аляксандра Лукашэнкі з Масквы і ягоныя абвінавачваньні на адрас групы АБСЭ ўзмацнілі цікавасьць расейскага друку да Беларусі. Агляд апошніх публікацыяў у расейскіх газэтах, прысьвечаных беларускім справам. “Известия” выказваюць меркаваньне, што крыўда на Крэмль беларускага кіраўніка стала пэўным каталізатарам чарговага вітку ягонай няпрыязі да Захаду. Адсюль, лічыць газэта, зьявіліся і абяцаньні ўзяць пад свой кантроль працу групы АБСЭ, і ператварэньне 14-ці тысячаў назіральнікаў у баевікоў, і абяцаньні не дапусьціць зьяўленьня беларускага Каштуніцы. “Известия” адзначаюць, што антызаходніцкая гістэрыя стала амаль галоўнаю прыкметаю палітычнага жыцьця Беларусі і істотнаю часткаю перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. Як вынікае з паведамленьня “Независимой газеты”, высновы з югаслаўскага досьведу робіць ня толькі афіцыйны Менск, але і Масква. Газэта цытуе словы кіраўніка міжнароднага камітэту Дзярждумы Дзмітрыя Рагозіна, які таксама заявіў, што югаслаўскі варыянт у Беларусі ня пройдзе, але дадаў, што Маскве варта працаваць з беларускай апазыцыяй. “Мы ў Югаславіі ледзь не прайгралі сытуацыю, таму што да выбараў амаль не працавалі з апазыцыяй,” – адзначыў Рагозін. Свае меркаваньні ён мае намер выкласьці кіраўніцтву службы зьнешняй разьведкі Расеі. “Независимая газета” называе заяву Аляксандра Лукашэнкі пра ўсталяваньне кантролю над бюджэтам групы АБСЭ крокам , беспрэцэдэнтным ва ўсясьветнай практыцы і тлумачыць сутнасьць праблемы. Выданьне нагадвае, што ўлада энэргічна рыхтуецца да выбараў, усе “вэртыкальшчыкі” штомесячна праходзяць інструктаж у адміністрацыі прэзыдэнта, як правесьці выбары з патрэбным вынікам. Газэта адзначае, што апазыцыя, ня маючы адміністрацыйнага рэсурсу, вырашыла падрыхтаваць 14 тысячаў назіральнікаў, каб забясьпечыць справядлівасьць выбараў. “Независимая газэта” прапаноўвае дзве вэрсіі таго, як наглядальнікі ператварыліся ў сьвядомасьці кіраўніка Беларусі ў баевікоў. Першая – Лукашэнку запалохалі яго ўласныя спэслужбы. Другая – усе гэтыя абвінавачваньні – ня больш, чым прапагандысцкі трук, які закліканы згуртаваць вакол кіраўніка народ, запалоханы нашэсьцем “крыважэрных баевікоў”. “Российская газэта” і “Известия” камэнтуюць учарашняе пасяджэньне савету міністраў саюзу Беларусі і Расеі, а асабліва заяву прэзыдэнта Пуціна наконт таго, што Беларусь урэшце пагадзілася ўвесьці расейскія мыты на нафтапрадукты. Розьніца паміж мытамі, пішуць “Известия”, дазваляла Беларусі займацца рээкспартам нафтапрадуктаў. “Российская газэта” прыгадвае і іншыя, так званыя “шэрыя” схемы нафтавай кантрабанды, выданьне прыводзіць дадзеныя, паводле якіх прыбыткі ад такога бізнэсу складалі да 80 мільёнаў даляраў на год. Грошы гэтыя, падкрэсьліваюць выданьні, ішлі ў кішэні ня толькі беларускім уладам, але і расейскім бізнэсоўцам, якія карысталіся гэтым “беларускім калідорам”, але зараз Масква прымусіла Менск прыкрыць гэтую крыніцу кантрабанды. “Российская бизнес-газета” прыгадвае, што яшчэ некалькі гадоў таму беларускія гандляры былі звыклаю часткаю пэйзажу Беларускага вакзалу і Цішынскага рынку Масквы. Але зараз, піша газэта, карціна зьмянілася: Беларусь страціла галоўны козыр свайго шляху эканамічнага разьвіцьця – нізкія цэны. “Зараз суседзі едуць у Расею не каб прадаць, а каб купіць танныя тавары,” – адзначае “Российская бизнес-газета” і дадае, што ў самой Беларусі назіраецца наплыў расейскіх тавараў. Газэта падкрэсьлівае, што расейскія таваравытворцы пачынаюць выціскаць беларускіх канкурэнтаў ня толькі з расейскага, але і з замежных, і з уласна беларускага рынку. Аўтар кажа і пра прычыны гэтага – замежныя інвэстыцыі дазваляюць расейцам мадэрнізаваць сваю прамысловасьць: прыкладам, у расейскую вытворчасьць мэблі ўкладзена каля 4 мільярдаў заходніх грошай. Пэўны час беларуская прамысловасьць трымалася за кошт тэхнічнага ўзроўню, які быў дасягнуты ў савецкія часы. Але гэтыя рэзэрвы ня вечныя, – піша газэта. Яна паведамляе, што шмат заходніх інвэстараў спачатку прыязжала якраз у Беларусь. Але калі іх патрабаваньні пра скарачэньне колькасьці супрацоўнікаў, акцыянаваньне прадпрыемстваў катэгарычна адхіляліся ўладамі, інвэстары ехалі са сваімі грашыма далей на ўсход, у Расею. Вынік – расейскія вытворцы больш якаснай і таннай прадукцыяй агрэсыўна захопліваюць беларускія рынкі піва, мэблі і харчаваньня. “Беларусі давядзецца мяняць ня дробязі , а прынцыпы эканамічнай палітыкі. Выкарыстоўваючы жорсткія, непапулярныя ў народзе мэтады, Расея шмат у чым ужо прайшла гэты складаны этап. Беларусі яго яшчэ наканавана прайсьці,” – такімі словамі заканчваецца артыкул у “Российской бизнес-газете”. Юры Дракахруст Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |