RFE/RL |
Панядзелак, 29 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Урад Беларусі плянуе ўзмацніць кантроль за ўвозам тавараў з Расеі. Адпаведная пастанова Савету міністраў можа набыць моц 1 лютага. Тады на ўсе тавары з Расеі трэба будзе афармляць статыстычную альбо мытную дэклярацыю. Беларускі ўрад плянуе больш жорстка кантраляваць увоз расейскіх тавараў у Беларусь. Адпаведны праект пастановы Савету міністраў ужо падрыхтаваны ў Міністэрстве эканомікі ды неўзабаве набудзе моц. Магчыма, гэта будзе 1 лютага, так паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкаю на дасьведчаную крыніцу ва ўрадзе. Як сьцьвярджае гэтая крыніца, ужо цяпер багата выпадкаў, калі на мытных складах захоўваюцца тавары, дакумэнты на якія не адпавядаюць рэальнасьці. І таму беларускі бок імкнецца больш пільна сачыць за плынямі расейскага імпарту. Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што такі крок выкліканы жаданьнем беларускага ўраду абараніць сваіх вытворцаў. (Жаліба: ) "Намер беларускага ўраду ўзмацніць кантроль за імпартам тавараў з Расеі можна патлумачыць адным — расейскія вырабы складаюць усё большую канкурэнцыю беларускім вырабам, гэтым іх выцясьняючы. Мы, спажыўцы, можам пабачыць гэта ў крамах, дзе ўсё больш расейскіх тавараў, як прамысловых, гэтак і харчоў. Часам па такіх самых цэнах, а бывае, што й лепшай якасьці. Відаць, што здае пазыцыі беларуская эканоміка. Ранейшыя нізкія кошты — у далёкім мінулым. Вось ураду й даводзіцца з аднаго боку выступаць за палітычную інтэграцыю, а з другога — абмяжоўваць плыню расейскага імпарту, каб абараніць айчынных вытворцаў. Калі гэтыя працэсы будуць разьвівацца, ураду не пазайздросьціш — як жа быць з эканамічнай інтэграцыяй?" Ці не супярэчыць падобная мера дэклярацыям пра беларуска-расейскую інтэграцыю й стварэньне агульнай эканамічнай прасторы? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да эканаміста Леаніда Злотнікава. (Злотнікаў: ) "Тут ужо й супярэчыць няма чаму. Летась 1 кастрычніка мытная прастора закончыла сваё існаваньне і быў уведзены кантроль за таварамі, якія ідуць з трэціх краінаў праз Расею ў Беларусь. Калі ж зараз прымуць нейкія падобныя захады да расейскіх тавараў, гэта будзе канец зоне свабоднага гандлю. Гэта будзе наступны крок у дэзінтэграцыі". Калі падрыхтаваны праект Савету міністраў набудзе моц, тады на любыя тавары, увезеныя з Расеі, імпартэры альбо перавозчыкі мусяць падаваць статыстычную або мытную дэклярацыю. Ганна Соусь, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |