RFE/RL |
Панядзелак, 29 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Па прыняцьці мясцовымі ўладамі Меншчыны гербаў гарадоў вобласьці, пачалося стварэньне гарадзкіх ды местачковых сьцягоў. Як выглядаюць гэтыя сымбалі? Ці адпавядаюць яны гістарычным традыцыям? Як паведаміў мне загадчык аддзелу інфармацыі Барысаўскага гарвыканкаму Аляксандар Мядзельцаў, першая сёлетняя сэсія гарадзкога Савету дэпутатаў прыняла адмысловы сьцяг гораду. На сьцягу верхняя паласа — чырвоная, ніжняя — зялёная, а пасярэдзіне — сталёвага колеру. На гэтай паласе зьмешчаная выява старажытнага гербу. Барысаўскі сьцяг будзе стаяць у кабінэтах гарадзкіх начальнікаў, яго мусяць выкарыстоўваць у сьвяты ды іншыя мерапрыемствы. Праект сьцягу зараз знаходзіцца ў Менску: яго павінна зацьвердзіць геральдычная служба Дзяржкамітэту па архівах й справаводзтве. Геральдычная служба паведаміла, што на Меншчыне цяпер, акрамя Барысаву, свае сьцягі маюць мястэчка Радашкавічы, гарады Смалявічы й Мар'іна Горка. Яшчэ два сьцягі ў Беларусі прынятыя на Гомельшчыне — у Лоеве ды Ельску. У смалявічанцаў, напрыклад, у цэнтры чырвона-сіняга палотнішча зьмешчаны нядаўна прыняты герб, на якім намаляваная бочка, аблітая смалою, а таксама — рунічны знак. Чырвона-зялёна-белы сьцяг у Радашкавічаў. Відавочна, што ў сьцягах пераважаюць колеры цяперашняга афіцыйнага сьцягу. Паводле законаў геральдыкі сьцягі павінны паўтараць асноўныя колеры гербаў. У Барысаве, прыкладам, “падрэдагаваны” год таму герб выяўляе браму, па баках якой узвышаюцца дзьве расфарбаваныя ў чырвоны колер вежы. Вежы месьцяцца на зялёнай траве. А па-над брамай у небе сталёвага колеру — апостал Пётар. Вось і ўтварыўся чырвона-сталёва-зялёны сьцяг. Начальнік геральдычнай службы Сяргей Рассадзін распавёў мне, што нядаўна езьдзіў у Расею да тамтэйшых геральдыстаў, каб зьверыць крытэры сваёй працы зь іхнымі. (Рассадзін: ) "Аказалася, што шлях наш арыгінальны, але непамылковы", — зазначыў спадар Рассадзін. Больш крытычна да ўжываньня дзяржаўнымі геральдыстамі тых ці іншых колераў паставіўся доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч. Ён сказаў, што культурная традыцыя беларусаў заўжды аддавала перавагу чырвонаму ў спалучэньні зь белым колерам, а не чырвонаму зь зялёным. Радзей — чорнаму. Хоць сп. Грыцкевіч адзначыў як станоўчы фактар, што дзяржаўныя геральдысты ў стварэньні сымболікі гарадоў і мястэчак, дзе такой не мелася, зьвяртаюцца да рэлігійных матываў, да тагачасных рунічных знакаў і шляхецкіх родавых гербаў. Напрыклад, тых жа Радзівілаў. Усё ж Анатоль Грыцкевіч прыйшоў да высновы, што геральдысты выконваюць палітычны заказ дзяржавы. (Грыцкевіч: ) "Мне здаецца, што ў геральдычнай службе сабраліся добрыя чыноўнікі: яны выконваюць кожны загад, што даюць ім зьверху. Альбо яны імкнуцца апярэдзіць гэткія загады. Але да геральдыкі гэта ня мае дачыненьня". Алесь Мікалайчанка, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |