RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 29 Студзеня 2001

Сёньня:



На сёлетнія мерапрыемствы Дзяржаўнага камітэту па справах моладзі зь дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваецца амаль 694 мільёны рублёў, у пераліку на даляры ЗША — каля 600 тысячаў даляраў. Разьмяркоўваюць гэтыя грошы пераважна між Дзяржаўным камітэтам па справах моладзі ды ляяльнымі да ўлады грамадзкімі арганізацыямі — Беларускім саюзам моладзі й Беларускім патрыятычным саюзам моладзі.

З 500 мерапрыемстваў, заплянаваных на 2001 год, ледзь не палова мае патрыятычную скіраванасьць. Найбольшыя грошы выдаткоўваюцца менавіта на патрыятызм. І якраз напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Ужо пачала працаваць праграма пад назовам "Імідж". Яна прадугледжвае “прадукаваньне й распаўсюджваньне агітацыйнай прадукцыі, скіраванай на прапаганду патрыятызму, дзяржаўнасьці й моладзевай палітыкі, на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню ідэяў экстрэмізму і палітычнага радыкалізму”.

Дзеля ўвасабленьня гэтых плянаў Беларускі патрыятычны саюз моладзі атрымлівае 85 мільёнаў рублёў. Натуральна, што й падтрымка саюзу Беларусі й Расеі стане клопатам БПСМ. Агітаваць за інтэграцыю маладыя патрыёты будуць культурніцкімі акцыямі, якія падаткаплатнікі аплоцяць 65 мільёнамі рублёў.

Крыху меншыя грошы (16 мільёнаў рублёў) БПСМ атрымаў на сьвяткаваньне Дня дзяржаўнага гербу й сьцягу. А на Дзень незалежнасьці паводле Лукашэнкавага календару дзяржаўных сьвятаў выдаткавана ў два разы меней.

Самі ж мерапрыемствы падобныя да тых, што за савецкім часам ладзілі камсамольцы. Бэпээсэмаўцы будуць абсталёўваць музэй Машэрава, ладзіць летнік “Сяброўства славянаў”, музычныя фэсты “Руская зіма”, “Аграрная вясна”, “Песьні юнацтва нашых бацькоў” і розныя патрыятычныя конкурсы-агляды. Нават плянуецца стварыць Міжведамасную раду па патрыятычным выхаваньні.

Параўнайма — на навагоднія ёлкі для дзяцей-чарнобыльцаў выдаткавана амаль у шэсьць разоў меней, чым на арганізацыю выязных паседжаньняў ЦК БПСМ й на навучаньне актывістаў гэтай арганізацыі ў Інстытуце кіроўчых кадраў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

Паводле беларускага заканадаўства, на дзяржаўную падтрымку можа прэтэндаваць любая моладзевая арганізацыя, якая сваёй дзейнасьцю не перасьледуе палітычных мэтаў. Грошы ж атрымалі толькі выбраныя.

Такое разьмеркаваньне фінансаў, на думку старшыні Згуртаваньня Беларускіх студэнтаў Крысьціны Сідун, тлумачыцца тым, што ў склад калегіі Дзяржкамітэту па справах моладзі ўваходзяць 3 прадстаўнікі БПСМ, адзін прадстаўнік Беларускага саюзу моладзі ды толькі 1 прадстаўнік Нацыянальнай рады моладзевых арганізацыяў, якая аб’ядноўвае 34 зьвязы.

(Сідун: ) "Нармальнае грамадзтва ўсе моладзевыя арганізацыя роўна шануе. Ды ўвогуле, для дарослага чалавека дзіця — найвялікшая каштоўнасьць. Але грамадзтва гэткае хворае, як наша, робіць розьніцу паміж дзецьмі, паміж немаўлятамі".

К.Сідун сьцьвярджае, што дзяржава фінансуе толькі тыя моладзевыя арганізацыі, дзейнасьць і пазыцыі якіх выгодныя ёй. Пацьвярджае гэтую выснову й сёлетні "Плян мерапрыемстваў Дзяржкамітэту па справах моладзі".

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org