RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 29 Студзеня 2001

Сёньня:



Мінулай суботай ля свайго дому невядомы жорстка зьбіў галоўнага рэжысэра недзяржаўнага тэатру “Вольная сцэна” Валера Мазынскага.

Напад на вядомага тэатральнага рэжысэра быў учынены мінулай суботай — а палове на дзясятую вечара. Валер Мазынскі вяртаўся з лазні. Ён згадвае, што на вуліцы было зусім мала людзей, непасрэдна за ім ніхто, здаецца, не ішоў. Да пад’езду заставалася некалькі крокаў, калі ззаду на галаву абрынуўся страшэнны ўдар.

Валер Мазынскі распавядае з рэанімацыі шпіталю лячэбнай камісіі.

(Мазынскі: ) "Там ёсьць арка гэткая. Адразу з Машэрава, і туды арка. Быў просты ўдар ззаду ў патыліцу. Я пачуў адно нейкі шоргат ззаду, ня бег за мной ніхто. Такое адчуваньне, што чакалі мяне.

Удар быў тупы, як даўбнёй нейкай. І я паплыў. Гэта доўжылася ня больш за хвіліну, разоў пяць мяне білі, і ўсё па галаве. Я закрываўся рукой, таму рука гэтак пашкоджаная. Ні нагой ня біў мяне, ні чым, толькі тым во прадметам, і толькі па галаве".

(Карэспандэнт: ) "Вы ня бачылі гэтага чалавека?"

(Мазынскі: ) "Не. Мяне ўдарыў ён ззаду, і далей біў увесь час ззаду. Я ня мог павярнуцца, а ён пасьля спакойна пайшоў. Не пабег чалавек, крок быў такі самы, як ён перад тым падышоў да мяне: туп-туп-туп. І пасьля гэтага я ўжо стаў крычаць, зваць на дапамогу".

На шчасьце, яго пачулі. Побач з суседнім пад’ездам стаялі хлопцы зь дзяўчатамі, яны першыя й падышлі. У цемры было не разабраць — хто гэта й што зь ім, можа, п'яны ці бомж. Ледзь ня трацячы прытомнасьць, Мазынскі пасьпеў назваць нумар хатняга тэлефону. Яшчэ празь пяць хвілінаў побач была жонка Людміла.

(Мазынская: ) "Я яго ледзь пазнала, ён быў увесь у крыві, я нават думала: ці то мой чалавек, ці не. У дзяўчат быў сотавы тэлефон, у мяне рукі дрыжалі, я кажу ім: набярыце хуткую. А яе няма ды няма. Думаю: згубіць кроў чалавек".

Людміла Мазынская, сама прафэсійны мэдык, не выключае, што калі б хутка ніхто не дапамаглі, магло быць найгоршае. Валер Мазынскі атрымаў некалькі сур’ёзных траўмаў галавы, на лоб накладзеныя швы, у яго прызналі ўстрасеньне мозгу.

Лекары, якія наглядаюць за пацярпелым, кажуць, што даставілі яго ў цяжкім стане, але цяпер яму лепш. Нават сёньня хворага могуць перавесьці з рэанімацыі ў звычайнае аддзяленьне.

У міліцыю сваякі пацярпелага пакуль не зьвярталіся, але зьбіраюцца гэта зрабіць, як толькі зьявіцца крыху часу. Сам Валер Мазынскі перакананы, што злачынства не раскрыюць, бо гэта не звычайнае хуліганства, а палітычнае папярэджаньне.

Мазынскі кажа, што яго пільнавалі, але нічога не ўзялі, нават шапкі не кранулі, каб хоць зымітаваць крадзёж. Мазынскі сьцьвярджае, што напярэдадні двойчы атрымліваў папярэджаньне , што ім цікавяцца спэцслужбы. Раіў Мазынскаму ня лезьці ў палітыку былы міністар культуры Аляксандар Сасноўскі.

Хаця рэжысэр і ня лічыць сябе палітыкам, ён усё ж згодны, што ў пэўным сэнсе ягоная дзейнасьць тэатральнага дзеяча ўплывала на палітычную сытуацыю й менавіту таму зь ім паквіталіся. Але сваёй мэты яны наўрад ці дамагліся.

(Мазынскі: ) "Яны мяне не напалохалі, гэта дакладна. Можа, яшчэ больш раззлавалі. Усё адно я раблю свой тэатар, мы з Аляксеем Дударавым супольна працуем, каб ён быў. Канечне, гэта будзе складана, але я мушу займацца гэтым!

Што рабіць, калі я такі рэжысэр, які ня любіць п'есаў, дзе няма сацыяльнай калізіі, сацыяльнага канфлікту. Калі ўжо выпадае так, што чытаецца й нешта іншае, дык я цешуся, а іншыя пачынаюць злавацца. Аказваецца, гэта можа выліцца мне й гэткім чынам".

Варта згадаць, што гэтак жа ля пад’езду свайго дому тры месяцы таму зьбілі вядомага пісьменьніка Артура Вольскага. Невядомыя нападалі й на гэткіх дзеячоў культуры як кінарэжысэр Юры Хашчавацкі й артыст Расьціслаў Янкоўскі. Ніводны з гэтых выпадкаў ня быў раскрыты.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org