RFE/RL |
Панядзелак, 29 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Савет міністраў беларуска-расейскага саюзу зацьвердзіў сёньня саюзны бюджэт. Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў лічыць, што бюджэт будзе выконвацца, нягледзячы на адсутнасьць на сваім працоўным месцы дзяржаўнага сакратара саюзу Паўла Барадзіна. Істотная заўвага. Бо ў неафіцыйных камэнтарах прадстаўнікі адміністрацыі расейскага прэзыдэнта прызнаюць, што Барадзін можа правесьці за кратамі яшчэ досыць шмат часу. Бюджэт беларуска-расейскага саюзу на бягучы год складзе 2 мільярды 300 мільёнаў расейскіх рублёў (гэта каля 80-ці мільёнаў даляраў ЗША). Дзьве траціны ад гэтае сумы дасьць Расея, астатняе – Беларусь. Такое рашэньне было прынятае сёньня пад час паседжаньня Савета міністраў саюзу. Невялікі аб’ём бюджэту вымагае скарачэньня праграмаў, якія будуць зь яго фінансавацца. Так, па словах расейскага прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава, колькасьць сумесных праграмаў у прамысловасьці скарацілася з 53 да 36. Цяпер бюджэт павінен зацьвердзіць Вышэйшы Савет саюзу, куды ўваходзяць Уладзімір Пуцін ды Аляксандар Лукашэнка. Адное пытаньне – ці будзе каму выконваць гэты бюджэт. Сёньняшняе паседжаньне праходзіла без Дзяржаўнага сакратара саюзу Паўла Барадзіна. Між тым менавіта Барадзін на сваёй пасадзе кантралюе выкананьне ўсіх саюзных праграмаў. Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў на гэты конт заявіў, што затрыманьне Барадзіна не павінна нэгатыўна паўплываць на эфэктыўнасьць працы ворганаў саюзу. Да таго ж, зазначыў Касьянаў, расейскія афіцыйныя ўлады прыкладаюць усе намаганьні, каб вызваліць Барадзіна. Аднак, ці будуць гэтыя намаганьні мець плён? Сёньня ананімны прадстаўнік адміністрацыі расейскага прэзыдэнта выказаўся досыць пэсымістычна: Крэмль, – сказаў ён, – разьлічвае, што лёс Барадзіна вызначыцца напрыканцы лютага ці на пачатку сакавіка. І гэта так бы мовіць аптымістычны варыянт. Прадстаўнік адміністрацыі прызнаў, што пакуль дыпляматычныя высілкі Расеі, скіраваныя на вызваленьне Барадзіна, даюць мала плёну, бо «магчымасьці амэрыканскай адміністрацыі ў справе Барадзіна абмежаваныя». Сёньняшняя сустрэча прэм’ер-міністраў засьведчыла яшчэ адзін факт: беларускі бок зьмірыўся з тым, што Расея без узгадненьня з Беларусьсю прызначыла выконваючага абавязкі дзяржсакратара. Усе сёняшнія заявы кіраўніка ўраду Беларусі Ўладзіміра Ярмошына былі міралюбныя. «Ніякага пагаршэньня ў удносінах Беларусі і Расеі няма,» – зазначыў ён. Магчыма, гэта так, але заявы некаторых расейскіх палітыкаў сьведчаць, што расейскі бок, прынамсі, ўжо ня так верыць у Аляксандра Лукашэнку. Кіраўнік камітэту Дзяржаўнае Думы Расеі Дзьмітры Рагозін заявіў сёньня, што расейскія ўлады, канешне, мусяць падтрымліваць Лукашэнку, але таксама надаваць больш увагі кантактаваньню з беларускай апазыцыяй. Рагозін прывёў прыклад Югаславіі, дзе, на ягоную думку, Міністэрства замежных справаў памылілася, своечасова не надаўшы ўвагі сэрбскай апазыцыі. Расейскі дэпутат заявіў: «Заходнія дыпляматы ў Менску не вылазяць са штаб-кватэраў апазыцыі, і мы таксама мусім быць у курсе справаў апазыцыйных арганізацыяў». Заявы Рагозіна тым больш прыцягваюць увагу, што ён вядомы як адзін з самых пралукашэнкаўскіх расейскіх палітыкаў. Праўда, гэта ж можа усё і патлумачыць: магчыма, Рагозін жадае ведаць сакрэты апазыцыі менавіта для таго, каб расказваць пра іх Аляксандру Лукашэнку. Віктар Дзятліковіч, Масква
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |