RFE/RL |
Пятніца, 26 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Мінулай ноччу быў абрабаваны офіс Верхнядзьвінскага інфармацыйна-рэсурсавага цэнтру "Рубон". Як паведаміў па тэлефоне старшыня Верхнядзьвінскай раённай арганізацыі грамадзкага аб'яднаньня Камітэту абароны правоў працоўных Пётар Ермачкоў, сёньня з раніцы ў Інфармацыйна-рэсурсавым цэнтры "Рубон" выявілі наступствы начнога рабаўніцтва. Так, разабралі два кампутары, пры дапамозе якіх выдаваліся рэгіянальныя бюлетэні "Рубон", "Рабочы Дзьвінскага памежжа", "Мёрыца" ды іншыя. Адзін кампутар разабралі ды выкралі цалкам, апроч корпусу, другі — часткова. Іншай офіснай тэхнікі (сканэр, ксэракс, факс) не кранулі. Нагадаем, што падобнае рабаўніцтва з гэткімі ж стратамі адбылося месяц таму ў Наваполацкім рэсурсавым цэнтры. Што да Верхнядзьвінскага "Рубону", дык літаральна два дні таму ён пераехаў у новае памяшканьне ды разьмясьціўся ў аднапавярховым адміністрацыйныым будынку ў цэнтры гораду. 27 студзеня зьбіраліся падключыць ахоўную сыгналізацыю. 25 студзеня, напярэдадні рабаўніцтва, увечары пасьля працоўнага дня кіраўніца цэнтру Валянціна Кудлацкая асабіста абыходзіла ўсе пакоі. Уся маёмасьць была на месцы, толькі ў адным з пакояў спадарыня Кудлацкая заўважыла расчыненае вакно, яна сама забіла яго цьвікамі, пры гэтым заўважыла, што пад вакном шмат сьлядоў. Кіраўніца "Рубону" зачыніла ўсе дзьверы ды на ўсякі выпадак зьвярнулася ў міліцыю, каб ноччу пасачылі за будынкам. Міліцыянты паабяцалі. З раніцы ж былі выкліканыя па факце рабаўніцтва. Дарэчы, міліцыянты пакуль што ня маюць вэрсіі, хто змог патрапіць у зачынены звонку будынак ды зьдзейсьніць злачынства. Браніслава Станкевіч, Віцебск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |