RFE/RL |
Аўторак, 23 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
З пачатку году ў Расеі дзейнічае адзіны падатак на даход — 13%. Паводле старшыні Дзяржаўнага падатковага камітэту Беларусі К.Сумара, Беларусь пакуль што ня будзе пераходзіць на расейскі прынцып зьбіраньня падатку на даход. Экспэрты кажуць, што гэтая неадпаведнасьць будзе спрыяць вывазу нацыянальнага капіталу ў Расею. Расея ўжо перайшла на адзіны падатак на даход, які складае 13%. Расейскія ўлады спадзяюцца, што гэтая навацыя падштурхне грамадзянаў дэкляраваць свае сапраўдныя прыбыткі ды зробіць краіну прывабнай для інвэстараў. У Беларусі ж пакуль фіскальныя рэформы не праводзяцца. Як адзначыў нядаўна старшыня Дзяржаўнага падатковага камітэту Канстанцін Сумар, Беларусь “пакуль што ня будзе пераходзіць на расейскі прынцып зьбіраньня падатку на даход”. Патрэба ўніфікаваць падатковыя сыстэмы цяпер адно дэкляруецца, а адзіны Падатковы кодэкс саюзнай дзяржавы плянуецца падрыхтаваць толькі ў 2003 годзе. Тым часам неадпаведнасьць падатковых сфэраў Беларусі й Расеі, паводле былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча, ужо значна шкодзіць беларускай эканоміцы. (Багданкевіч: ) "Мы назіраем перакос дэфіцыту гандлёвага балянсу з Расеяй. Ужо за 10 месяцаў дэфіцыт перавысіў 1,5 мільярда рублёў. Скараціліся пастаўка й продаж у Расею многіх тавараў — мінэральных угнаеньняў, трактараў, станкоў ды іншага. Ёсьць і другі бок — Расея зьнізіла падаткі, каб падвысіць узровень жыцьця сваіх грамадзянаў ды каб зьменшыць праявы ценявой эканомікі”. Беларускі Саюз падаткаплатнікаў неаднойчы прапаноўваў беларускаму ўраду ўніфікаваць беларускае й расейскае падатковае заканадаўства. Сытуацыю тлумачыць першы намесьнік старшыні Саюзу падаткаплатнікаў Аляксандар Калінін: (Калінін: ) "Розьніца ў вызначэньні падаткаў прывядзе да выпіхваньня капіталаў у Расейскую Фэдэрацыю, бо там больш ільготаў. Мы лічым, што падыходы да вызначэньня падаткаў на адзінай эканамічнай прасторы, якая цяпер фармуецца, мусяць быць адзіныя. Многія прадпрымальнікі ўжо перавялі свой бізнэс у Смаленскую ды Бранскую вобласьці. І гэты працэс будзе працягвацца. Цяперашняя адзіная стаўка падатку на даход у Расеі меншая за гэтую ж стаўку ва ўсіх суседніх дзяржавах, і гэта, безумоўна, стымулюе прыток інвэстыцыяў”. Што да інвэстыцыяў у беларускую эканоміку, то цяпер, як паведаміў Аляксандар Калінін, яны складаюць менш за 1$ на чалавека. Дырэктар жа Цэнтру разьвіцьця нацыянальнай канкурэнтаздольнасьці Павал Данэйка лічыць, што расейская падатковая рэформа ня мае ніякага дачыненьня да “ўцёкаў” беларускіх прадпрыемстваў у Расею. (Данэйка: ) “Галоўная прычына гэтых перамяшчэньняў — дзейнасьць Аляксандра Рыгоравіча ў справе навядзеньня парадку ў Беларусі. Калі гэта спыніцца, дык і “ўцёкі” прыпыняцца, незалежна ад таго, якія будуць падатковыя ўмовы ў суседніх краінах”. Ганна Соусь, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |