RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 26 Студзеня 2001

Сёньня:



(Эфір 27 Студзеня 2001)

27 студзеня — 631 дзень, як зьнік Юры Захаранка.
499 дзён ад зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.
203 дні таму зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі.

В.Старавойтаў патрабуе перагляду рашэньня Кіраўскага суду, паводле якога яго прымусілі пакрываць страты, якіх ён не наносіў.
Справа пра зьнікненьне В.Ганчара і А.Красоўскага ізноў падоўжаная.
Барысаўскі раённы суд перагледзіць справу дэпутата Ў.Кудзінава, які спадзяецца на хуткае вызваленьне.

Былы старшыня акцыянэрнага таварыства “Рассвет” Васіль Старавойтаў зьвярнуўся ў магілёўскую пракуратуру са скаргай на рашэньне Кіраўскага раённага суду адносна кампэнсацыі стратаў, што ён нібыта нанес гаспадарцы.

Старавойтаў абураны, што яго прымушаюць пакрываць і тыя страты, якіх ён не наносіў. Гаворка пра 45 000 даляраў, у зьнікненьні якіх сьледзтва абвінавачвае былога намесьніка Старавойтава Мікалая Гецмана. Але Гецман зьнік, таму эпізоду зь ягоным удзелам суд не разглядаў, а ўсе страты ў гаспадарцы прыпісалі на рахунак ейнаму кіраўніку, В.Старавойтаву.

Але Старавойтаў адмаўляецца выплочваць страту на 45 000 даляраў, бо ягонай віны не даказалі. Былы старшыня “Рассвету” ўвогуле лічыць, што ўлады спрыяюць ягонаму былому намесьніку. Паводле Старавойтава, Мікалай Гецман даводзіцца сваяком ранейшаму кіраўніку ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Івану Ціцянкову.

"Ня дзіва, што Гецмана дагэтуль не арыштавалі. Доўгі час па абвяшчэньні яго ў вышук ён спакойна жыў у сваякоў пад Бабруйскам. А ўсё таму, што часткай накрадзенага падзяліўся са сваімі заступнікамі", — заявіў Васіль Старавойтаў.

Старавойтаў разьлічвае, што магілёўская пракуратура дасьць рады гэтай справе, хоць за тры гады гэтага й не адбылося.

***
Справа зьніклых 11 верасьня 1999 году Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага ізноў будзе падоўжаная. Гэтак паведаміў Зінаідзе Ганчар сьледчы Сяргей Новікаў, які вядзе расьсьледаваньне.

Між тым, жонка зьніклага палітыка кажа, што ня мае ілюзіяў адносна вынікаў расьсьледаваньня. Яна спасылаецца й на шчырыя выказваньні, якія раней чула ад сьледчых.

(Ганчар: ) "Сьледчыя выдатна разумеюць, што расьсьледавацца справа за гэтай уладай ня будзе. Мне ж казалі: міне 50 гадоў, адкрыюць архівы — пра ўсё даведаецеся", — заявіла Зінаіда Ганчар.

***
Уладзімер Кудзінаў, дэпутат Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, ужо чатыры гады правёў за кратамі. Цяпер ён адмовіўся падпісваць скаргу пра перагляд сваёй справы. Кудзінаў настойваў, што гэтую паперу павінна скласьці сама адміністрацыя калёніі.

Паводле зьвестак Зоі Кудзінавай, жонкі дэпутата, урэшце адміністрацыя вязьніцы адчапілася ад Кудзінава ды сама накіравала ў суд адпаведныя дакумэнты. Днямі яны патрапілі ў Барысаўскі суд, дзе павінен адбыцца перагляд справы.

Зоя Кудзінава спадзяецца на станоўчы вынік.

(Кудзінава: ) "У мяне нават настрой палепшаў. Я думаю, мо да канца наступнага тыдня мы ўжо будзем разам".

***
За ейнай кватэрай сочаць, заявіла жонка дэпутата Андрэя Клімава Тацяна Леановіч. Яна сьцьвярджае, што нехта праслухоўвае ейныя тэлефонныя размовы. Жанчына кажа, што гэта альбо злодзеі, якія даведаліся пра тое, што яна зьбірала грошы на выкуп мужа зь вязьніцы, альбо супрацоўнікі спэцслужбаў.

Тацяна не выключае, што гэткімі мэтадамі на яе псыхалягічна ціснуць.

***
Нагадаю, што 31 студзеня ў гарадзкім судзе Менску пачнецца працэс над вядомым праваабаронцам і журналістам Валер'ем Шчукіным, якога абвінавачваюць ў арганізацыі хваляваньняў пад час "Маршу Свабоды–1", які адбыўся ў кастрычніку 1999 году. Гэта будзе ўжо другі разгляд гэтай справы.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org