RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 26 Cтудзеня 2001

Сёньня



Пастанова Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аднавіць права голасу для Расеі ўдзельнікамі і назіральнікамі ацэньваецца як новы этап у кантактах з Расеяй. У эксклюзыўным інтэрвію нашай службе праваабаронца Сяргей Кавалёў выказаў прагноз пра магчымыя дачыненьні Беларусі з Радай Эўропы.

Многія, з кім я тут размаўляў, лічаць, што пасьпяховае для Расеі рашэньне выклікала справаздача дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі лёрда Джада пра становішча на Паўночным Каўказе. У ягоным выступе ўпершыню прагучала сьцьверджаньне пра тое, што ў Чачні прысутнічаюць міжнародныя тэрарысты, якія атрымліваюць фінансаваньне з іншых краінаў сьвету.

Пад час парлямэнцкай дыскусіі абсалютная большасьць дэпутатаў падтрымала пазыцыю лёрда Джада. Яны лічаць, што аднаўленьне права голасу расейскай дэлегацыі паспрыяе паляпшэньню сытуацыі ў Чачні. Тыя, хто выказваўся супраць, акцэнтавалі ўвагу на тым, што такі лібэральны падыход Расея можа зразумець як своеасаблівы карт-блянш на сваю дзейнасьць у Чачні.

Крытычна быў настроены і вядомы праваабаронца, дэпут Дзярждумы Расеі Сяргей Кавалёў. У эксклюзыўным інтэрвію для Радыё Свабода ён адзначыў наступнае:

(Кавалёў: ) “Вы бачыце, як працуе гэты дзіўны сход. Яны спачатку палохаюць, а пасьля пачынаецца поўная “лафа”. І ў Лукашэнкі таксама будзе тут поўная “лафа”. Запэўніваю Вас. Як у Турцыі… У мяне няма ніякіх сымпатыяў да курдзкіх камуністаў (як і да ўсіх іншых камуністаў), але паглядзіце, як у Турцыі ставяцца да курдаў за тое, што яны курды. А што тут? Раз у чатыры сэсіі хто-небудзь што-небудзь вяла скажа пра Турцыю. Турцыя гэтага нават не заўважае. З Беларусьсю будзе таксама, таму што гэты цынічны сход прынцыпаў ня цэніць. Разумееце? Эўрапейская канцэпцыя права – гэта нешта! А ня тыя спадары джады. Вось ён толькі што дэманстраваў рыторыку а ля Гітлер. Ён толькі руку не выцягваў, уся астатняя жэстыкуляцыя была на месцы… Ён там казаў аб бедных пакутніках у Чачні. Ён ня мае на гэта права, ён хлусіць. Разумееце? Ён хлусіць. Хлусіць і ўся руская дэлегацыя – яе пераважная большасьць хлусіць непрыхавана і нахабна. Вось, калі ласка, яны прывезьлі з Чачні нейкую Маліку, якая заявіла (і ўжо ня першы раз!), што гэта было сьвята, калі рускія войскі ўвайшлі ў Чачню. Сьвята для ўсіх чачэнцаў…”

А кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Страсбургу ацаніў рашэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ня як перамогу Расеі, але як крок да супрацоўніцтва з Радай Эўропы. Ён паабяццаў улічыць заўвагі, што былі выказаныя пад час дыскусіі.

Уладзімер Глод, Страсбург


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org