RFE/RL |
Серада, 24 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
У Берасьцi грамадзянаў, якiя ня бралі ўдзелу ў апошнiх выбарах, спрабуюць выкрэсьлiць са сьпiсаў выбаршчыкаў, а настаўнiкаў ды студэнтаў прымушаюць зьбiраць подпiсы на вылучэньне кандыдатаў ад улады. У анiводнай з трох акругаў Берасьця леташняй восеньню выбары ў Палату прадстаўнiкоў не адбылiся — выбаршчыкі не прыйшлі на ўчасткi для галасаваньня. Таму напярэдаднi паўторных выбараў мясцовыя ўлады зрабiлi пэўныя высновы. Прычым некаторыя "напрацоўкi" берасьцейскай "вэртыкалi" разьлiчаныя ня столькi на выбары, што плянуюцца на весну, колькi на прэзыдэнцкiя выбары. Прыкладам, сябрам участковых камiсіяў, якiя ходзяць па кватэрах i ўдакладняюць сьпiсы выбаршчыкаў, далі адпаведны загад. Iм даручана высьвятляць прозьвiшчы грамадзянаў, дату iхнага нараджэньня, а таксама месца працы. Апошняга патрабаваньня няма ў выбарчым заканадаўстве, але гэта дазваляе адсочваць асобаў, якiя ня ходзяць на выбары, каб узьдзейнiчаць на iх праз адмiнiстрацыю па месцы працы. У берасьцейскiя СМІ ўжо зьвяртаюцца грамадзяне, якiя скардзяцца, што iх увогуле выкрэсьлiваюць са сьпiсаў выбаршчыкаў. На пытаньне, чаму гэтак атрымлiваецца, сябры ўчастковых камiсіяў звычайна адказваюць: "А таму што вы летась ня бралі ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнiкоў". Яшчэ адна асаблiвасьць цяперашняй перадвыбарчай кампанii: мясцовая "вэртыкаль" вельмi актыўна ўдзельнiчае ў фармаваньнi iнiцыятыўных групаў па вылучэньню той цi iншай асобы на кандыдата. Берасьцейскiя школы атрымалі з гарвыканкаму загад накiраваць па тры настаўнiкi ў склад iнiцыятыўнай групы, якая зараз агiтуе людзей падпiсацца за вылучэньне па першай выбарчай акрузе былога старшыні КГБ Беларусi Ўладзiмера Ягорава. Адначасова студэнтаў Берасьцейскага дзяржунiвэрсытэту прымушаюць зьбiраць подпiсы на карысьць настаўнiцы Лiдзii Плецюховай, муж якой — Уладзiмер Плецюхоў — быў дэпутатам першай Палаты, а зараз рэктар згаданага ўнiвэрсытэту. Гэтыя ды iншыя факты ўжо добра вядомыя месьцічам, але мясцовая пракуратура пакуль нiяк не рэагуе на парушэньнi заканадаўства. Алег Супрунюк, Берасьце |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |