RFE/RL |
Чацьвер, 25 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Учора рыская газэта Neatkariga Rita Avize надрукавала артыкул Ігара Чарткова “Садам і Саша — браты-блізьняты?”, у якім аналізуецца праект новага закону Беларусі аб інфармацыйнай бясьпецы. «Дедушка умер, ідея живёт, лучше бы было наоборот», — гэты дысыдэнцкі вершык міжволі прыгадваецца, калі бачыш, якія дзівосныя формы набываюць ідэі ленінізму і сталінізму ў адной асобна ўзятай краіне. Шмат хто з гісторыі памятае створаныя за часы ваеннага камунізму тэзы, што СССР знаходзіцца ў варожым акружэньні, а ў сьветлай будучыні колькасьць ворагаў будзе расьці з кожным крокам, зробленым у бок камунізму. Не забытыя і жахлівыя наступствы гэтых пастулятаў — мільёны людзей, загубленых у лягерох ГУЛАГу. На жаль, жудасныя думкі пра падабенства з тымі часамі ўзьнікаюць пасьля знаёмства з праектам Закону Рэспублікі Беларусь аб інфармацыйнай бясьпецы. Гэты фантастычны дакумэнт зьявіўся на пачатку ХХІ стагодзьдзя, але нагадвае творча перапрацаваную ўтопію Джорджа Орвэла «1984». Пераказаць яго цяжка, амаль немагчыма, бо страціўся б арыгінальны кірунак думкі беларускіх прыдворных тэарэтыкаў. Таму цытую: «Найбольш істотнымі пагрозамі стабільнасьці і духовага жыцьця грамадзтва зьяўляюцца: — мэтанакіраваны інфармацыйны ціск на грамадзтва, ажыцьцяўляны ў інтарэсах пэўных палітычных і іншых дэструкцыйных сілаў, які выкарыстоўвае арганізаваныя або стыхійна ўзьніклыя інфармацыйныя патокі. – навязваньне заходніх каштоўнасьцяў як найбольш праўдзівых, асабліва праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) з выкарыстаньнем дэструкцыйных прыёмаў журналістыкі (мэтавая дэзарыентацыя, хаваньне інфармацыі, парушэньне і выкрыўленьне мовы як сродку зносінаў, апэляваньне да інстынктаў, навязваньне моладзі замест айчыннага станоўчага героя супэрасобы заходняга ўзору і г.д.), што прыводзіць да сацыяльнай арыентацыі асобы ў кірунку адмаўленьня нацыянальных каштоўнасьцяў і да адчужэньня грамадзтва ад уласнага гістарычна пазытыўнага досьведу». Прачытаеш гэтыя радкі, і ў галаву чамусьці прыходзяць думкі пра жалезную заслону, забарону слухаць Beatles, пошукі шпіёнаў сярод тых, у каго ёсьць сваякі за мяжою, ды пра іншыя прыемнасьці. Праўда, усё гэта выдатна ўкладваецца ў рамкі замежнай палітыкі цяперашняга беларускага рэжыму. Амэрыканскую пагрозу прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка бачыць ва ўсім, што зьвязана з Захадам. Ступень ягонай нянавісьці да ЗША можна параўнаць хіба што з той, якую адчувае Фідэль Кастра або, што яшчэ больш верагодна, Садам Хусэйн. Трэба сказаць, што з апошнім назіраецца проста фантастычнае падабенства. Хусэйн, насуперак міжнароднаму ціску, марыць вырабляць ядзерную зброю. Лукашэнка настойліва спрабуе дамагчыся, каб на тэрыторыю Беларусі былі вернутыя савецкія ядзерныя ракеты. У адказ на эканамічныя санкцыі Садам маніцца падараваць амэрыканцам мільёны нафтадаляраў на ліквідацыю іхнай уяўнай галечы. Аляксандар у прыступе гневу паведамляе, што ён гатовы падараваць Білу Клінтану тыя мільёны, якія Беларусь страціла з прычыны адмены рэжыму асаблівага спрыяньня ў гандлі паміж абедзьвюма дзяржавамі. Будучы «шчырым мусульманінам» (хоць ён і кажа, што абыякавы да любых рэлігіяў), Хусэйн стараецца збудаваць у сваёй дзяржаве неадольныя бар’еры, каб не дапусьціць праяваў заходняга ладу жыцьця ў сродках масавай інфармацыі. Стварыць заслону паміж Беларусьсю і зьнешнім сьветам імкнецца і Лукашэнка. Вось жа, зразумела, чаму абедзьве дзяржавы сымпатызуюць адна адной. У сваю чаргу, псыхааналітыкам, якія дасьледуюць асобу беларускага прэзыдэнта, спадзяюся, будзе лягчэй зразумець, чаму Лукашэнка за час свайго панаваньня зьмяніў гістарычны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг на прыдуманы за савецкім часам чырвона-зялёны, што перагукаецца зь улюбёным у іслямскіх краінах зялёным колерам. Пра псыхааналітыкаў і зьвязаныя зь імі сытуацыі трэба пагаварыць асобна. Беларуская пракуратура нядаўна распачала крымінальную справу за абразу прэзыдэнта і пашырэньне хлусьлівай інфармацыі. Дзяржаўная пракуратура і Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі нават сфармавалі з сваіх супрацоўнікаў адмысловую сьледчую групу, а падставай для такіх рашучых дзеяньняў была публікацыя ў апазыцыйнай газэце «Наша Свабода». У вялікім артыкуле было выкладзенае мэдыцынскае заключэньне псыхіятра Дзьмітрыя Шчыгельскага наконт стану псыхікі прэзыдэнта краіны. Доктар назіраў за Лукашэнкам праз доўгі час і выявіў, што апрача ўласьцівых кожнаму чалавеку недахопаў, у яго «выяўленая схільнасьць да мэтодыкі маніпуляваньня і высокія здольнасьці да яе ажыцьцяўленьня. Мысьленьне грамадзяніна Лукашэнкі носіць афэктыўны характар, сьвет ён успрымае як агрэсіўную сілу, а ў штодзённых падзеях заўсёды ўгледжвае змову глябальнага характару, скіраваную супраць яго самога». Дыягназ: «Памяркоўна выяўленая мазаічная псыхапатыя зь перавагаю рысаў паранаідальнага і дыссацыяльнага парушэньняў асобы». Пэўных зьвестак пра рэакцыю прэзыдэнта на гэтую публікацыю няма, магчыма, яна была для яго неспадзяваная: якраз тады Лукашэнка ў Маскве гуляў у хакей — у рамках праграмы Дзён Беларускай Культуры ў Маскве. Сілавыя структуры таксама вычэкваюць, але, ведаючы прэзыдэнтава хваравітае самалюбства і помсьлівасьць, можна чакаць вельмі рашучай рэакцыі. Паэт Славамір Адамовіч за адзін толькі верш «Убей президента», у якім не была згаданая ніводная канкрэтная асоба, правёў шмат месяцаў у зьняволеньні. Але апошняя публікацыя — гэта ўдар, разьлічаны на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Беларускі праект Закону аб інфармацыйнай бясьпецы будзе разглядацца ў парлямэнце ў лютым. Няма ніякага сумневу, што паслухмяныя прэзыдэнту парлямэнтары пастараюцца прыняць яго як мага хутчэй. Тады зьявіцца магчымасьць забараніць ня толькі «Рэмба» і «Тэрмінатара», але й любы палітычны анэкдот, бо адпаведныя ўладныя структуры будуць «на законных падставах прадпрымаць прафіляктычныя і карныя дзеяньні». Шырокая грамадзкасьць запрашаецца да ўдзелу ў мерапрыемствах, скіраваных на «выкрыцьцё хлусьлівых чутак, абвяржэньне хлусьлівай інфармацыі, аналіз і крытіку навязваных фальшывых замежных каштоўнасьцяў». Пераклаў Сяргей Шупа
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |