RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 25 Cтудзеня 2001

Сёньня



У Страсбургу, дзе ідзе зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, сёньня ў парадку дня сярод іншага абмеркаваньне сытуацыі ў Ічкерыі. Ад вынікаў гэтага абмеркаваньня залежыць – будзе вернутае Расеі права голасу ў Парлямэцкай Асамблеі ці не. Асноўны даклад прачытаў Фрэнк Джад, які нядаўна наведаў паўстанцкую рэспубліку ў якасьці кіраўніка дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі. На момант падрыхтоўкі матэрыялу абмеркаваньне дакладу яшчэ працягвалася. Сёньня ж газэта Moscow Times зьмясьціла на сваіх старонках артыкул “Ці мог бы Сталін выйграць гэтую вайну?” Паводле газэты вайна ў Ічкерыі даражэе. Расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў заявіў, што летась яна каштавала Расеі штомесячна на 2-3 мільярды рублёў (USD 70-105 мільёнаў) больш чым плянавалася.

У названыя выдаткі Касьянаў не ўлучыў вартасьць страчанага ваеннага абсталяваньня і іншых паставак, узятых са старых савецкіх запасаў. Цяпер гэтыя запасы вычарпаліся і патрэбныя новыя набыткі. Такім чынам вайна стане яшчэ даражэйшай.

Прэзыдэнт Расеі Владзімір Пуцін абвесьціў, што кіраўніцтва чачэнскай кампаніяй перадаецца ў рукі ФСБ, але гэта не прыкмета сілы, а прыкмета адчаю – паведамляе газэта. У той час як расейскія аддзелы ў Ічкерыі месяц за месяцам безвынікова бамбавалі горы і населеныя пункты, вышэйшыя чыноўнікі службы бясьпекі ў Маскве абмяркоўвалі зьмену тактыкі. Яны прапанавалі скарыстаць досьвед 40-х і 50-х гадоў, калі савецкае войска пасьпяхова здушыла незалежніцкія партызанскія рухі ў краінах Балтыі і ў Заходняй Украіне.

“Летась, – піша аўтар публікацыі Павал Фэльгэнгаўэр, – я браў удзел у абмеркаваньні зь некаторымі былымі афіцэрамі КГБ антыпартызанскай вайны ў Ічкерыі. Адзін зь іх – вэтэран, колішні тайны агэнт часоў сталінскай кампаніі супраць нацыяналістычных украінскіх паўстанцаў (…) сказаў: “Выйграць антыпартызанскую вайну лёгка: трэба толькі разьмясьціць вайскоўцаў у кожнай чачэнскай вёсцы і паставіць над імі кіраўніка з КГБ”.

Выглядае што цяпер Крэмль скарыстаў гэтую параду. Прыблізна ў 200 (двухстах) населеных пунктах Ічкерыі разьмесьцяцца расейскія гарнізоны па 100-150 чалавек кожны. Іх будзе падтрымліваць чачэнская міліцыя. Поўны кантроль і кіраўніцтва гэтымі ўтварэньнямі ўскладзенае на ФСБ.

Але капіяваньне сталінскіх спосабаў, – піша газэта, – сёньня не спрацуе. Сталінскія сілы бясьпекі мелі высокую дысцыпліну. Яны ведалі, што кожнае непаслушэнства і якое заўгодна хабарніцтва будуць пакаранымі. Сёньня вайсковыя афіцэры ў Ічкерыі адкрыта ігнаруюць загады ФСБ або Міністэрства ўнутраных справаў, і наадварот: паўстанцы почасту даюць ім хабар.

Масква можа ўжываць сталінскую тактыку, але яна ня мае сталінскай рашучасьці і ня можа ўжываць сталінскіх спосабаў высылкі насельніцтва паўстанцкай рэспублікі ў Сыбір без увагі на якія заўгодна правы чалавека.

У той самы час, сталінскія перамогі ў краінах Балтыі і ва Ўкраіне, як высьветлілася, былі прыхаванымі паразамі. Калі Міхаіл Гарбачоў паспрабаваў пераўтвараць Савецкі Саюз, у згаданых месцах адразу ўтварыліся найбольш моцныя незалежніцкія рухі. Сёньня Расея страціла сталінскія набыткі ў Балтыі і Ўкраіне. Высылка чачэнцаў у 44-ым годзе ў Казахстан і сёньня натхняе чачэнскіх незалежнікаў на барацьбу.

Што здарыцца, калі новая тактыка, будзе такой самай неэфэктыўнай як і старая? Ці Крэмаль пачне шукаць сур’ёзнага разьвязаньня чачэнскага канфлікту, ці пачне капіяваць сталінскі крывавы спосаб вырашэньня праблемы? – гэтае пытаньне аўтар артыкулу ў сёньняшнім нумары газэты Moscow Times пакідае без адказу.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org