RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 25 Студзеня 2001

Сёньня:



Беларускі Гельсынскі камітэт выступіў з ініцыятывай сфармаваць перад выбарамі на прэзыдэнта новы склад выбарчых камісіяў усіх узроўняў. Праваабаронцы дамагаюцца, каб у склад выбарчых камісіяў былі ўведзеныя прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Кіраўніцтва Гельсынскага камітэту лічыць, што цяперашні склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў быў прызначаны на падставе закону "Аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў" ад 23 сьнежня 1998 году, які страціў сваю сілу пасьля прыняцьця летась новага Выбарчага кодэксу Беларусі.

Праўда, у гэтым Выбарчым кодэксе ёсьць 27 артыкул частка 2, паводле якога гэтак званая Палата прадстаўнікоў падчас прызначэньня даты выбараў на прэзыдэнта можа прыняць рашэньне не ствараць новых выбарчых камісіяў, а ўскласьці ўсе паўнамоцтвы на цяперашнія.

У такім выпадку, на думку прадстаўнікоў БГК, палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі й проста грамадзяне будуць пазбаўленыя права ўдзельнічаць у фармаваньні выбарчых камісіяў, хаця гэтае права ім гарантаванае Выбарчым кодэксам.

Кіраўніцтва Гельсынскага камітэту намагаецца ліквідаваць гэтую прававую супярэчнасьць, таму накіравала адпаведныя лісты ў адміністрацыю А.Лукашэнкі, Савет міністраў, Раду бясьпекі, Нацсход ды ў іншыя ведамствы.

Прадстаўнікі БГК паведамляюць чыноўнікам, што склад усіх выбарчых камісіяў трэба абавязкова зьмяніць і дапусьціць туды прадстаўнікоў апазыцыі. У адваротным выпадку "пад сумнеў будзе пастаўлены прынцып роўнасьці суб'ектаў выбарчага працэсу па фармаваньні камісіяў, законнасьць і абгрунтаванасьць іхных рашэньняў".

На думку аўтараў ліста, калі склад выбарчых камісіяў застанецца нязьменным, міжнародная супольнасьць можа не прызнаць такіх выбараў за дэмакратычныя і пад сумнеў будзе пастаўленая легітымнасьць абранага ў такіх умовах кіраўніка дзяржавы.

Але ці дасьць гэты зварот хоць які плён? Гаворыць старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька:

(Процька: ) "Верагоднасьць таго, што да нас прыслухаюцца, прапарцыйная таму ціску, які будзе з боку міжнароднай супольнасьці ды і ў нас тут. Калі мы ўсе будзем гэтага патрабаваць, дык хітрыкі, што заклалі стваральнікі Выбарчага кодэксу для выбараў на прэзыдэнта, мы зможам ліквідаваць згодна зь дзейным заканадаўствам".

Прадстаўнікі Гельсынскага камітэту таксама распачалі маніторынг падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў. Прыкладам, цяпер на кожным паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі будуць прысутнічаць назіральнікі ад БГК. Такое абяцаньне праваабаронцам даў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік.

Прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі на запыт БГК патлумачылі, што кожны выбаршчык мае права паставіць па адным сваім подпісе за некалькіх кандыдатаў на прэзыдэнта.

Сябры Гельсынскага камітэту таксама дамагаюцца, каб дэпутаты "Палаты" далі юрыдычнае тлумачэньне канстытуцыйнаму палажэньню, у якім запісана, што прэзыдэнтам краіны можа быць толькі грамадзянін Беларусі паводле нараджэньня.

Тацяна Процька паведаміла, што, паводле ейнай інфармацыі, у адміністрацыі А.Лукашэнкі ўжо распрацаваная новая рэдакцыя закону "Аб грамадзянстве", дзе даецца юрыдычная фармулёўка паняцьця "грамадзянства паводле нараджэньня".

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org