RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 25 Студзеня 2001

Сёньня:



70 000 гомельскіх школьнікаў спынілі вучобу. У школах з-за грыпу карантын.

Эпідэмія грыпу сёлета пачалася ў горадзе на два тыдні раней, чым летась. Спэцыялісты аднак сьцьвярджаюць, што гэта не зьвязана з распаўсюдам вірусаў усходняга паходжаньня. Выяўляюца пакуль толькі традыцыйныя для нашага рэгіёну групы А і Б.

Зараз колькасьць захворваньняў на грып, паводле зьвестак гарадзкога Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, перавысіла звычайны ўзровень амаль у пяць разоў. Штодня да лекараў зьвяртаюцца па дапамогу больш як 2 000 чалавек. Больш за ўсё хварэюць дзеці да 14 гадоў.

Таму гарвыканкам пастанавіў увесьці карантын у школах. Разумеючы сытуацыю, начальнік гарадзкой Управы адукацыі Вадзім Сабко ўсё ж сьцьвярджае, што вымушаныя вакацыі моцна шкодзяць навучальнаму працэсу.

Засьцерагчыся ад эпідэміі грыпу можна было б праз прафіляктычныя прышчэпкі. Аднак Міністэрства аховы здароўя, якое само разьмяркоўвала дозы для гэтай мэты, даслала іх у горад надзвычай мала.

Вось што распавяла загадчыца эпідэміялягічнага аддзелу гарадзкой санітарнай службы Людміла Рэзьнікава.

(Рэзьнікава: ) "Яны нам далі прафіляктычныя дозы не на ўсё насельніцтва, а толькі на групы вышэйшай рызыкі — на аслабленых хранічнымі хваробамі, на так званыя закрытыя калектывы — школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы. Каго змаглі, того й ахапілі", — сказала спадарыня Рэзьнікава.

Высьветлілася, што малыя дозы далі зрабіць прышчэпкі нават з групаў рызыкі усяго толькі 40%. На шырэйшую прафіляктыку Міністэрства аховы здароўя ня мае грошай.

Аднак і ў насельніцтва на змаганьне з грыпам таксама бракуе грошай, бо кожны паход у аптэку за лекамі каштуе сама меней 3 000 – 5 000 рублёў. А ўсё таму, што сярод лекаў супраць грыпу доля айчынных прэпаратаў — толькі пятая частка. Астатнія — замежныя і, канечне, даражэйшыя.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org