RFE/RL |
Серада, 24 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Кіргізіі А.Акаевым, які празь Менск ляціць на форум у швайцарскі горад Давос, А.Лукашэнка заявіў, што ня бачыць сэнсу ў паездках афіцыйных беларускіх дэлегацыяў у Страсбург. Зэканомленыя грошы Лукашэнка хацеў бы аддаць “людзям на лекі”. Спачатку кіргіскі прэзыдэнт Аскар Акаеў плянаваў прызямліцца ў аэрапорце Менск-2 толькі на гадзіну для дазапраўкі самалёту ды кароткай гутаркі зь беларускім прэм’ер-міністрам Уладзімерам Ярмошынам. Сёньня ж Ярмошын раптам згадаў пра свой адпачынак, у якім ён афіцыйна знаходзіцца, ды наагул не паехаў у аэрапорт. Аляксандар жа Лукашэнка наладзіў сустрэчу зь бішкецкім госьцем у сваёй рэзыдэнцыі на вуліцы К.Маркса, таму Аскар Акаеў правёў у Менску не адну гадзіну, а тры. На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы журналісты, якіх туды пусьцілі, спыталіся пра стаўленьне беларускіх уладаў да рашэньня Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы не аднаўляць статусу адмыслова запрошанага, якога Беларусь пазбавілі па апошнім рэфэрэндуме. Вось што адказаў Аляксандар Лукашэнка: (Лукашэнка:) "Мы мусім супрацоўнічаць з тымі, хто хоча працаваць з нашым парлямэнтам. Трэба спыніць гэтыя паездкі туды ды поўзаньне на каленях, просьбы ўсялякія: прымеце нас, вазьмеце, вярнеце статус запрошанага. Ня трэба, дык і ня трэба. Мы зэканомім колькі тысячаў даляраў — унёскаў плаціць ня будзем, на лекі людзям аддамо". А.Лукашэнка пачаў размову з прэзыдэнтам Кіргізіі са словаў: “Для нас гэтая сустрэча таксама вельмі неабходная”. Пры гэтым беларускі бок увесь дзень падкрэсьліваў, што сустрэча з А.Акаевым адбылася з ініцыятывы апошняга. Спадар Лукашэнка сказаў госьцю, што “ёсьць шэраг пытаньняў, у першую чаргу эканамічных, якія неабходна абмеркаваць і нават прыняць рашэньне”. Аднак сам спадар Акаеў яшчэ ў аэрапорце расставіў акцэнты інакш: (Акаеў: ) "Найгалоўнае сёньня — распрацоўка сумеснага пляну напярэдадні новага нашэсьця тэрарыстаў сёлета ўвесну і ўлетку. У гэтым сэнсе мы атрымліваем цяпер добрую падтрымку беларускага ўраду, асабіста нас падтрымлівае прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч. Таму на першым пляне гэта. Другое — як заўжды, умацаваньне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. А.Акаеў падзякаваў А.Лукашэнку за ваенна-тэхнічную дапамогу й садзеяньне ў барацьбе з тэрарызмам ды паляцеў далей — у Швайцарыю. Кіргіскага прэзыдэнта абралі на несвабодных ды нясправядлівых, паводле ацэнкі АБСЭ, выбараў, ды яшчэ пасьля судовага выраку на 7 гадоў пазбавіць волі ягонага галоўнага канкурэнта Фэлікса Кулава, усё ж запрашаюць на Давоскі форум. Дык чаму ж туды не ляціць спадар Лукашэнка? Афіцыйны Менск адмаўляецца камэнтаваць гэта. Пра гісторыю беларускіх дачыненьняў з форумам у Давосе распавёў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка: (Латушка: ) "Апошні раз мы ўдзельнічалі ў Давосе ў 1999 годзе, на ўзроўні міністра эканомікі Беларусі Шымава. У 1996 годзе таксама дэлегацыя Беларусі брала ўдзел. У 1997–98-м быў перапынак. І ў 2000-м мы не атрымалі запрашэньня". (Карэспандэнт: ) "А чаму, вы ня ведаеце?" (Латушка: ) "Ну гэта трэба запытацца ў арганізатараў". Юры Сьвірко, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |