RFE/RL |
Серада, 24 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі Малады Фронт. Кіраўніцтва Маладога Фронту зьбіраецца абскарджваць дзеяньні чыноўнікаў Мінюсту ў Вярхоўным cудзе. Усе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі прадстаўнікі Маладога Фронту накіравалі ў Міністэрства юстыцыі яшчэ летась 16 траўня. Раней гэтая арганізацыя, ад часу свайго стварэньня ў 1997 годзе, дзейнічала як структурнае падразьдзяленьне БНФ. Цягам васьмі месяцаў чыноўнікі гэтага ведамства, а таксама адмысловай камісіі пад кіраўніцтвам Уладзімера Замяталіна разглядалі дакумэнты, і вось нарэшце далі адказ. На іхную думку, Малады Фронт ня можа быць зарэгістраваны, бо кіраўнікі арганізацыі нібыта няправільна аформілі плату за аб'яву пра рэгістрацыю ў адной зь дзяржаўных газэтаў, недакладна вызначылі пытаньне сяброўства ў Маладым Фронце й гэтак далей. Аднак лідэры маладафронтаўцаў лічаць, што гэта толькі фармальныя прычыны. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін: (Шэін: ) "Канешне, тут вырашалі Лукашэнка й Шэйман гэтую справу. Перадусім яны баяцца рэгістраваць самую моцную апазыцыйную моладзевую арганізацыю. Па-другое, неўзабаве выбары на прэзыдэнта, і рэгістрацыя дапамагла б Маладому Фронту больш плённа ўдзельнічаць у гэтым. Вось таксама чаму нас не зарэгістравалі". Лідэры Маладога Фронту абураныя тым, што прадстаўнікі Мінюсту паведамілі ім пра адмову ў рэгістрацыі толькі праз 20 дзён пасьля таго, як было прынятае гэтае рашэньне. Маладафронтаўцы будуць абскарджваць пастанову Мінюсту ў Вярхоўным судзе Беларусі. Альгерд Невяроўскі, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |