RFE/RL |
Серада, 24 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
(эфір 23 cтудзеня) Барысаўская гарадзкая пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу на ўдзельнікаў пікету 16 студзеня на цэнтральным пляцы гораду. Яны патрабавалі псыхіятрычнага абсьледаваньня А.Лукашэнкі. Паводле новага Крымінальнага кодэксу іх абвінавачваюць у абразе гонару й годнасьці прэзыдэнта краіны. Пра ўзбуджэньне пракуратурай Барысаву крымінальнай справы на актывістаў БСДП "Народная Грамада" Аляксандра Абрамовіча, Алесі Ясюк і Надзеі Грачухі карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў сьледчы пракуратуры Сяргей Пашкевіч. Ад мінулай пятніцы С.Пашкевіч уважліва вывучаў акалічнасьці пікету 16 студзеня, апытваў сьведак ды ўдзельнікаў акцыі, улучна зь непаўнагадовымі Міхасём ды Зьмітром Кузьняцовымі. Яны, кажа сьледчы, пакуль праходзяць як сьведкі. Сёньня Міхася й Зьмітра разам зь іхнай маці Ірынай Кузьняцовай выклікалі на паседжаньне камісіі па справах непаўнагадовых Барысаўскага аддзелу адукацыі. Але слуханьне справы перанесенае на 31 студзеня. Тым часам спадарыня Гарнак, дырэктарка школы № 13, пакарала юнакоў — паставіла іх на адмысловы школьны ўлік як зацятых прагульшчыкаў ды лайдакоў, хоць тыя вучацца добра. Загадчыца вучэбнай часткай школы № 13 спадарыня Шнякіна патлумачыла, што цяпер пасьля кожнага ўроку ў клясныя пакоі будзе прыходзіць адмысловы настаўнік, каб праверыць, ці на сваіх месцах браты Кузьняцовы. Нягледзячы на пагрозы, удзельнікі акцыі па-ранейшаму стаяць на сваіх пазыцыях. Аляксандар Абрамовіч заяўляе, што калі справа дойдзе да суду, дык яны абавязкова запатрабуюць мэдычнага абсьледаваньня А.Лукашэнкі . І, натуральна, будуць абараняць ад перасьледу непаўнагадовых Міхася й Зьмітра Кузьняцовых. Алесь Мікалайчанка, Барысаў |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |