RFE/RL |
Серада, 24 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Лецішча Васіля Старавойтава ў Крыме перадалі ва ўласнасць Іне Старавойтавай, былой жонцы экс-старшыні “Рассвету”. Кіраўскі раённы суд паставіў кропку ў гісторыі падзелу маёмасьці Васіля Старавойтава. Днямі лецішча ў Крыме суд пастанавіў перадаць былой жонцы былога старшыні “Рассвету” Іне Старавойтавай. Дакумэнты пра спыненьне продажу лецішча з аўкцыёну накіраваныя кіраўскай судзьдзёй Надзеяй Чмарай у адпаведныя інстанцыі Ўкраіны й Крыму. Маёмасьць, якая адышла Іне Старавойтавай, суд ацаніў прыблізна на 5 000 даляраў. Гэта трохпакаёвая кватэра ў пасёлку Абрыкосаўка непадалёк ад Фэадосіі, мэбля ў ёй, а таксама частка акцыяў былой акцыянэрнай гаспадаркі “Рассвет”. Кіраўскі суд задаволіў прэтэнзіі Іны Старавойтавай на гэтую маёмасьць, паколькі яна была нажытая разам з Васілём Старавойтавым за часам іхнага сумеснага жыцьця. Хаця сам Васіль Старавойтаў на лецішча правоў ужо ня мае і не прэтэндуе на яго, рашэньне Кіраўскага суду ён ўсё ж вітаў. (Старавойтаў: ) "Тое, што лецішча ў Крыме вяртаецца да сям'і — добра. Што з таго, што гаспадар ня я? Ня мае значэньня. Гэта ж былая мая жонка, дзеці могуць туды ехаць адпачываць. Так бы незаконна пагасілі лецішчам пазыкі тыя — і якая б мне карысьць?" Старавойтаў мае дзьве дачкі й чацьвёра ўнукаў. Пасля затрыманьня Васіля Старавойтава судовы перасьлед спазналі сем'і абедзьвюх дачок былога старшыні “Рассвету” — да ўмоўнага пакараньня была асуджаная дачка Тацяна; абодва зяці атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня. Цяпер яны ўжо на волі. Сям'я старэйшай дачкі Старавойтава Натальлі, якая раней узначальвала "рассветаўскі" банк, зьехала ў Маскву. Час ад часу ў Мышкавічы, дзе жыве Старавойтаў, да яго прыяжджаюць унукі, і цяпер дзядуля спадзяецца, што гэтыя наведваньні будуць часьцейшымі, бо ўнукі змогуць карыстацца ягоным былым лецішчам у Крыме. Сам Васіль Старавойтаў кажа, што езьдзіць туды не зьбіраецца. Экс-старшыня “Рассвету” адмовіўся камэнтаваць зьмены ў стаўленьні да ягонага лёсу, якія апошнім часам дэманструе судзьдзя Надзея Чмара. Нагадаю, менавіта яна ачольвала судовую калегію, што асудзіла Старавойтава на трохгадовае зьняволеньне. Алег Грузьдзіловіч, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |