RFE/RL |
Аўторак, 23 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Беларускія сяляне хутка будуць карыстацца на сваіх палетках FIAT-амі — камбайнамі для ўборкі збожжа. Беларускі прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын прыняў дэлегацыю групы кампаніяў FIAT, якія прапануюць наладзіць у Беларусі выпуск камбайнаў з назовам “Бізон”. У Менску знаходзіцца дэлегацыя фірмаў FIAT, "Кейс Нью Голянд”, FIAT Polska і "Нью Голянд Бізон", якая ўраніцу правяла перамовы ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі з намесьнікам міністра Васілём Пугачовым ды прадстаўнікамі беларускіх прадпрыемстваў. Завод "Лідааграпраммаш" ужо выпускае камбайны з маркаю "Кейс". Жэрар Шыфэр, генэральны дырэктар у краінах СНД кампаніі "Кейс Нью Голянд", якая нядаўна аб'ядналася зь фірмаю "Нью Голянд Бізон", заявіў, што хоча рэпрэзэнтаваць у Беларусі абедзьве маркі камбайнаў. Спадар Шыфэр размаўляў пра гарантыі беларускага ўрада для новай вытворчасьці. Ужо цяпер ягоная фірма забясьпечаная страхаваньнем празь нямецкі канцэрн "Гермэс" ды праз польскую Карпарацыю страхаваньня экспартных крэдытаў. Паводле арганізацыі вытворчасьці, новае прадпрыемства будзе нагадваць знакаміты завод "Форд-Юніён", дзе амаль гатовыя аўтамабілі зьбіралі пад Менскам. Цяпер гаворка йдзе пра "напаўсабраны выгляд" камбайнаў, якія будуць прывозіць з Польшчы. Як і фордаўцы раней, фіятаўцы цяпер абяцаюць паступова павялічваць долю мясцовых дэталяў. Беларускі прэм'ер Уладзімер Ярмошын, які афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку, усё ж прыняў сёньня ў Доме ўраду дэлегацыю італьянскіх ды польскіх бізнэсоўцаў на чале зь віцэ-прэзыдэнтам кампаніі FIAT Сэржам дэ Палена. Паводле зьвестак беларускіх урадоўцаў, летась у даччынага польскага прадпрыемства FIAT Менск купіў 600 камбайнаў "Бізон". Пра сустрэчу дэлегацыі з прэм'ер-міністрам Беларусі распавёў прэсавы сакратар апошняга Іван Знаткевіч: (Знаткевіч: ) "Прэм'ер прывітаў іх ды зьвярнуў увагу на тое, што складанасьці ў палітычных дачыненьнях нашай краіны й краінаў Эўразьвязу ня мусяць замінаць дачыненьням эканамічным. Сёньняшнія перамовы між прадстаўнікамі кампаніі FIAT ды прадстаўнікамі беларускага ўраду — гэта вельмі добра. Прэм'ер спадзяецца, што асыгнаваньні, якія калісьці прадугледжваліся на разьвіцьцё нашага супрацоўніцтва, урэшце будуць укладзеныя ў нашыя сумесныя праекты", — паведаміў спадар Знаткевіч, прэсавы сакратар беларускага прэм'ера. А ў Міністэрстве замежных справаў заявілі, што не хацелі б перабольшваць вынікі візыту прадстаўнікоў фірмы FIAT, бо ён мае адно азнаямляльны характар. Юры Сьвірко, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |