RFE/RL |
Аўторак, 23 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Тое, што Аляксандар Лукашэнка замест заплянаваных двух дзён пабыў у Маскве толькі сёньня ды вырашыў вярнуцца ў Менск, выклікала разгубленасьць у расейскіх сродках масавае інфармацыі і абсалютны спакой прэсавага сакратара Лукашэнкі. У сераду ён мусіў сустрэцца ў Маскве з кіраўнікамі гэтых СМІ, а таксама са сьпікерам Дзяржаўнае думы Генадзем Селязьнёвым. Блізкае да спадара Лукашэнкі агенцтва “Інтэрфакс” паведаміла са спасылкаю на крыніцы ў беларускай дэлегацыі, што той “скараціў тэрмін знаходжаньня ў Маскве”, але “прычыны датэрміновага вяртаньня Лукашэнкі ў Менск не называюцца”. Тым часам амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў заявіў карэспандэнту агенцтва ІТАР-ТАСС, што праграма візыту была скарочаная, цытую, “у зьвязку зь неадкладнымі дзяржаўнымі справамі на радзіме”. Гэтую цытату падалі й у тэлепраграме “Время” на канале ОРТ, пасьля чаго я адразу патэлефанаваў на мабільны Мікалаю Барысевічу, прэсаваму сакратару Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Барысевіч, які ў гэты момант быў у Маскве ды ехаў у аэрапорт, на маё пытаньне, чаму Лукашэнка перапыніў свой візыт, адказаў гэтак: (Барысевіч: ) “Чаму перарваў? Ніхто не перарываў ніякага візыту. Праграма выкананая. Усе мерапрыемствы праграмы адбыліся, у тым ліку і асноўнае мерапрыемства, якое плянавалася – уручэньне прэміі прэзыдэнту. Таму прынялі рашэньне, што мы зь ім выяжджаем дадому”. (Сьвірко: ) “А Селязьнёў?” (Барысевіч: ) “А Селязьнёў прыехаў на цырымонію ўручэньня прэміі, і вельмі працяглае кантактаваньне зь ім было на гэтым мерапрыемстве”. Мікалай Барысевіч ня змог адказаць на маё наступнае пытаньне, ці сустрэнецца Аляксандар Лукашэнка ў сераду з прэзыдэнтам Кыргызстану Аскарам Акаевым, які ляціць у Швэйцарыю, але зробіць кароткую пасадку ў аэрапорце “Менск-2”. Прэсавы сакратар Лукашэнкі сказаў мне, што пакуль ня ведае плянаў шэфа. Нагадаю, што летась спадар Лукашэнка датэрмінова, як паведаміла ўсё тое ж агенцтва “Інтэрфакс”, вярнуўся з саміту ААН у Нью-Ёрку. Тады расейскія мэдыі паведамлялі, што беларускі лідэр пакрыўдзіўся на тое, што яго не запрасілі на нейкі банкет. Аднак сам Лукашэнка заявіў, што ён сьпяшаўся ў Менск на сустрэчу са сьпікерам кітайскага парламента Лі Пэнам. Мажліва, цяпер сустрэча з прэзыдэнтам Акаевым будзе абвешчаная прычынаю хуткага вяртаньня на радзіму. Аднак у Менску ўжо распаўсюдзіліся меркаваньні, што Аляксандар Лукашэнка пакрыўдзіўся на тое, што зь ім не сустрэўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Хаця спадар Лукашэнка ўраніцу ў Маскве зноў гучна патрабаваў вызваліць арыштаванага ў ЗША Паўла Барадзіна, ягоны расейскі калега дагэтуль не зрабіў ніводнага камэнтару да справы Барадзіна. Дык ці не пакрыўдзіўся на Пуціна Лукашэнка? – спытаў я прэсавага сакратара Мікалая Барысевіча. (Барысевіч: ) “Справа ў тым, што… Вы ж атрымалі маё паведамленьне аб праграме перабываньня. Гэтая сустрэча ў праграме побыту не плянавалася, таму гаварыць так аб гэтым ня варта. Першапачаткова гэтай сустрэчы ў праграме не было”. Зазначыў Мікалай Барысевіч, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі. Юры Сьвірко, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |