RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 23 Студзеня 2001

Сёньня:



На пазачарговым паседжаньні пленуму прафсаюзу Менску й Менскай вобласьці абмяркоўвалі стварэньне самастойнага сталічнага прафсаюзу.

Ініцыяваў стварэньне ў Менску самастойнага Аб’яднаньня галіновых прафсаюзаў сталічны гарвыканкам. Ягоны старшыня Міхаіл Паўлаў зьвярнуўся зь лістом да Ўладзімера Ганчарыка, каб Фэдэрацыя прафсаюзаў не пярэчыла менскай “вэртыкалі”.

Усё ж намер "вэртыкалі" прафсаюзы вырашылі сёньня абмеркаваць публічна. Старшыня Аб’яднаньня галіновых прафсаюзаў Менску й Менскай вобласьці Міхаіл Хаванскі назваў згаданую ініцыятыву ўмяшаньнем уладаў у прафсаюзную дзейнасьць.

Вось як пракамэнтаваў намер гарвыканкаму старшыня Рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) "Яны хочуць раскалоць прафсаюзны рух. Каб зрабіць гэта, шэраг нашых першасных арганізацыяў накіравалі лісты пра тое, што яны падтрымліваюць стварэньне савету. Але ж калі гэтак паглядзець, яны ж за тое, каб праца была! Але трэба, каб працу вёў прафсаюз, а ня з боку нам падказвалі — вы тут стварыце, адсюль выходзьце! Так не павінна быць. Мусіць быць так, як хоча прафсаюз".

Эмацыйны выступ Г.Фядыніча на пленуме пра недапушчальнасьць ўмяшаньня ўладаў у прафсаюзную дзейнасьць падхапілі іншыя ўдзельнікі паседжаньня.

Лідэр настаўніцкага прафсаюзу Менску Анатоль Паўлаў паведаміў прысутным, што кіраўнік сталічнай “вэртыкалі” выконвае даручэньне Адміністрацыі Лукашэнкі. Ён агучыў дакумэнт, дзе Міхаіл Мясьніковіч абавязвае кіраўніка сталічнай “вэртыкалі” стварыць у горадзе “свой” прафсаюз.

Некаторыя выступоўцы выказалі думку, што такі прафсаюз патрэбны ўладам якраз цяпер, калі беларускае грамадзтва рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. “Кішэнная” сталічная арганізацыя будзе спрыяць пераабраньню А.Лукашэнкі, а не прыходу да ўлады новай асобы.

Як высьветлілася на пленуме, сталічныя ўлады ўжо правялі шырокую арганізацыйную працу дзеля стварэньня новай структуры. Раённыя выканаўчыя камітэты правялі з прафсаюзным актывам перамовы наконт падтрымкі ідэі Лукашэнкавай Адміністрацыі. Варта адзначыць, што ўлады дасягнулі на гэтым шляху пэўнага посьпеху. Частка прафсаюзных лідэраў на сёньняшнім пленуме адкрыта выказалася за цеснае супрацоўніцтва з уладамі.

Уладзімер Ганчарык, які прысутнічаў на пленуме, выказаўся за недапушчальнасць расколу ў прафсаюзных шэрагах. Тым ня менш, як сьведчаць вынікі галасаваньня на сёньняшнім пленуме, раскол у шэрагах прафсаюзных дзеячоў ужо адбыўся.

Толькі крыху болей за палову сяброў Рады абласнога прафаб’яднаньня выступілі супраць ініцыятывы Менгарвыканкаму. Яны вырашылі, каб гэтае пытаньне ізноў разглядалася на паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі 25 студзеня.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org