RFE/RL |
Аўторак, 23 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
У Менску падпісаны Мэмарандум паміж Беларусьсю й Эўразьвязам у справе фінансаваньня дэмаркацыі беларуска-літоўскай мяжы. На дэмаркацыю 650 кілямэтраў мяжы Эўразьвяз выдаткаваў 1 330 000 эўра. Грошы, выдаткаваныя Эўрапейскім Зьвязам у межах праграмы TACIS для краінаў СНД, пойдуць на заканчэньне будаўніцтва памежнага пераходу "Каменны Лог", усталяваньне памежных знакаў і камунікацыяў ды іншае. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік прадстаўніцтва TACIS у Беларусі Раўль дэ Люзэнбэргер так патлумачыў дапамогу Эўразьвязу ў справе дэмаркацыі мяжы зь Літвой: (Дэ Люзэнбэргер: ) "Першая прычына — мы хочам дапамагчы ўмацаваньню вашай незалежнасьці. Гэта найперш незалежнасьць дзяржавы з дакладна вызначанымі межамі. Але гэта й эканамічная незалежнасьць, і жаданьне працаваць з намі ды іншымі краінамі-партнэрамі. Таксама мы хочам дапамагчы вам удасканаліць памежную інфраструктуру". Паводле кіраўніка прадстаўніцтва TACIS, у наступным годзе Эўразьвяз зьбіраецца выдаць Беларусі яшчэ 7 мільёнаў эўра на ўпарадкаваньне мяжы з Польшчай. Старшыня Камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі бачыць іншую прычыну фінансавай дапамогі з боку Эўразьвязу. На ягоную думку, паколькі Беларусь калісьці дапамагла Эўропе абараняць дэмакратыю ад фашызму, то цяпер, маўляў, эўрапейцы павінны сплочваць свае даўгі. Генэрал Паўлоўскі паведаміў, што першыя 70 кілямэтраў дэмаркаванай мяжы здадуць дзяржаўнай камісіі ўвесну, а да канца году — яшчэ 40 кілямэтраў. Спадар Паўлоўскі спадзяецца, што да канца 2002 году будзе дэмаркаваная ўся мяжа зь Літвой. Для заканчэньня ўсіх работаў, паводле Аляксандра Паўлоўскага, патрэбна яшчэ каля 4 мільёнаў даляраў. Паводле некаторых зьвестак, літоўскі бок ужо перасьцерагаў, што грошы, выдаткаваныя Беларусі на дэмаркацыю, улады зьбіраюцца выкарыстаць не зусім рацыянальна. Прыкладам, літоўцы лічаць, што будаўніцтва тэхналягічнай дарожкі уздоўж мяжы — ня самы неабходны аб'ект. Але, паводле Аляксандра Паўлоўскага, будаваць такую дарогу трэба, і літоўскія ўлады з разуменьнем ставяцца да гэтага будаўніцтва. На пытаньне нашага Радыё, ці выдаткавала нейкія сродкі на дэмаркацыю беларуска-літоўскай мяжы Расея, старшыня Камітэту памежных войскаў генэрал Паўлоўскі адказаў гэтак: (Паўлоўскі: ) "З боку Расейскае Фэдэрацыі на дэмаркацыю й дэлімітацыю мяжы нам дапамогі не было й няма. Такая дапамога ўвогуле не прадугледжаная". А.Паўлоўскі гаворыць, што згодна зь беларуска-расейскай дамовай, Расея выдаткоўвае грошы толькі на будаўніцтва памежных заставаў ды пастоў. Летась на гэтыя мэты Масква дала каля 65 мільёнаў расейскіх рублёў. Спадар Паўлоўскі таксама паведаміў, што паміж Расеяй і Беларусьсю вядуцца перамовы ў справе дэлімітацыі супольнай мяжы, але калі яны скончацца, ён ня ведае. Па дэмаркацыі літоўскай мяжы падобныя работы пачнуцца на мяжы з Латвіяй і Ўкраінай. Альгерд Невяроўскі, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |