RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 23 Cтудзеня 2001

Сёньня



Сёньня ў Стразбургу Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы разглядаў сытуацыю ў Беларусі. Адбыўся абмен думкамі, але ніякіх рашэньняў не прынята. На слуханьні былі запрошаныя афіцыйная і апазыцыйная беларускія дэлегацыі. На сувязі наш карэспандэнт у Стразбургу Валер Каліноўскі.

Галоўным пытаньнем, якое лябіравалі прадстаўнікі “палаты прадстаўнікоў”, была магчымасьць вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльна запрошанага ў асамблеі, які быў страчаны пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Дэлегацыя “палаты прадстаўнікоў” (Уладзімер Канаплёў, Аляксей Ваганаў, Аляксандар Шпілеўскі, Уладзімер Навасяд) напярэдадні слуханьняў сустракалася з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі лёрдам Рассэлам Джонсанам, кіраўніком Палітычнага камітэту Тэры Дэйвісам, дакладчыкам па Беларусі Вольфгангам Бэрэндтам, але пераканаць іх у тым, што ў Беларусі адбыліся істотныя зьмены, не ўдалося.

Пад час паседжаньня Палітычнага камітэту, калі разглядалася справа Беларусі, Уладзімер Канаплёў паўтарыў свае аргумэнты – маўляў, у Беларусі сфармаваны адзіны законны заканадаўчы ворган – Нацыянальны сход другога скліканьня, які трэба прызнаць і Эўропе.

Пра свае сустрэчы ў Стразбургу гаворыць Уладзімер Канаплёў:

(Канаплёў: ) “Яны даюць магчымасьць думаць, што ў рэшце рэшт Эўропа дацэніць тыя рэаліі, якія ёсьць у Беларусі, і ў працягу гэтага году, я думаю, мы ізноў набудзем статус спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкую асамблеі Рады Эўропы”.

Уладзімер Канаплёў мяркуе, што ў Радзе Эўропы хацелі па-новаму раставіць акцэнты ў адносінах з Беларусьсю менавіта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, што асабіста Канаплёў лічыць няправільным.

Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі заяўлялі, што істотных зьменаў у Беларусі няма, а таму гаварыць пра аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага заўчасна. Апазыцыю ў Стразбургу прадстаўлялі Анатоль Лябедзька, Міхаіл Чыгір, Валянціна Палевікова, Яраслаў Раманчук. Анатоль Лябедзька заявіў, што “палата прадстаўнікоў” ня мае ніякіх паўнамоцтваў. Таму перамовы можна весьці толькі з адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі і толькі пра правядзеньне свабодных прэзыдэнцкіхз выбараў.

(Лябедзька: ) “Палата” можна разглядацца толькі як прадмет абмену паміж Лукашэнкам і апазыцыяй. За нейкую лібэралізацыю адносінаў да “палаты” ад Лукашэнкі будзе запатрабаванае выкананьне шэрагу ўмоваў, якія забясьпечаць правядзеньне адносна дэмакратычных прэыздэнцкіх выбараў. Я думаю, што гэта якраз прадмет для абмеркаваньня, таму што для нас усё ж прыярытэт – прэзыдэнцкія выбары. Мы добра разумеем, што ад іх выніку залежыць, якой будзе Беларусь – незалежнай ці суб’ектам іншай дзяржавы, дэмакратычнай ці застанецца аўтарытарнай. “Палата прадстаўнікоў” ніякай цікавасьці з пункту гледжаньня палітычнай пэрспэктывы не прадстаўляе”.

Упершыню ў Радзе Эўропы пабываў адзін з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах Міхаіл Чыгір. Дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Аляксандар Шпілеўскі на слуханьнях у Паліткамітэце заявіў, што Чыгір сядзеў бы ў турме, калі б не заступніцтва Эўропы. Міхаіл Чыгір таксаама лічыць больш важным пытаньнем справядлівыя прэзыдэнцкія выбары, а не наданьне “палаце прадстаўнікоў” статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі.

(Чыгір: ) “Мы гаворым аб тым, што ёсьць неабходнасьць, каб у выбарчых камісіях узялі ўдзел прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. У гэта верыцца, як у нейкі цуд. Тым больш – прадстаўнічая дэлегацыя ад парлямэнту Беларусі. Дайце слова, што ў камісіі будуць уключаныя прадстаўнікі апазыцыйных партыяў – маўчаць. Маўчаць, таму што яны ня маюць права такую заяву зрабіць. Вось і ўсе іхнія паўнамоцтвы і магчымасьці. Гэта аддзел адміністрацыі прэыздэнта, а не парлямэнт, бо ўказы прэзыдэнта маюць большую сілу, чым законы, што прымаюцца парлямэнтам”.

На думку Міхаіла Чыгіра, апазыцыя адназначна выступае за аднаўленьне адносінаў з Радай Эўропы.

(Чыгір: ) “Я хацеў бы, каб Беларусь была ў Эўропе. Для гэтага ёсьць прамы і кароткі шлях, і ім трэба ісьці. Ёсьць нормы жыцьця, якіх прытрымліваецца Эўропа, трэба гэтыя нормы выконваць, і ў мяне няма сумненьняў, што гэтае пытаньне можна вырашыць вельмі хутка. Улады ня хочуць. Гэта ўсё залежыць ад іх, а не ад апазыцыі”.

З боку так званай “палаты прадстаўнікоў” у дэлегацыю было ўключана некалькі так званых нэўтральных асобаў – былы сябра АГП Уладзімер Навасяд ды бізнэсмэн Уладзімер Ваганаў. Апошні мяркуе, што сэнс падобных сустрэчаў у пачатку дыялёгу і пошуку кампрамісу.

(Ваганаў: ) “Сытуацыя сапраўды складаная з пытаньнямі дэмакратыі, але вось я маю магчымасьць зьвяртацца да гісторыі… таму трэба выкарыстоўваць любы шанец нармальна думаючым людзям, каб уплываць на сытуацыю”.

Лідэр партыі “Надзея” Валянціна Палевікова распаўсюдзіла ў Стразбургу матэрывялы аб ціску ўладаў Беларусі на прафсаюзы і аб рэальнай эканамічнай сытуацыі ў краіне.

Прадстаўнікі апазыцыі, якія прыбылі ў Стразбург пазьней за афіцыйную дэлегацыю, яшчэ будуць сустракацца з кіраўніцтвам Рады Эўропы – гэнеральным сакратаром Вальтэрам Швімерам, прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі лёрдам Рассэлам Джонсанам, з асобнымі ўплывовымі палітыкамі і ў асобных фракцыях.

(Лябедзька: ) “Калі прадстаўнікі “палаты” ставяць мэту аднаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага і замацаваць сваю прысутнасьць у Стразбургу, то, натуральна, мы ставім мэты супрацьлеглыя – мы ня бачым сёньня ніякіх магчымасьцяў для аднаўленьня статусу, для прысутнасьці “палаты”. Я думаю, гэты раўнд мы выйграем абсалютна чыста”.

Глоўнае ў місіі апазыцыі ў Стразбургу, паводле Анатоля Лябедзькі, гэта з першых вуснаў данесьці інфармацыю аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэыздэнцкіх выбараў.

Валер Каліноўскі, Стразбург


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org