RFE/RL |
Аўторак, 23 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Міністар унутраных справаў Ўладзімер Навумаў і дзяржсакратар Урал Латыпаў абвесьцілі пра скарачэньне міліцыі на 5 000 супрацоўнікаў. Невядома, коштам якіх структураў будзе дасягнутае скарачэньне. Улады Беларусі нарэшце вызначыліся са скарачэньнем міліцыянтаў у краіне. На 5 000 чалавек — гэтая лічба была названая на ўчорашняй нарадзе ў А.Лукашэнкі з удзелам міністра ўнутраных справаў Ўладзімера Навумава й кіраўніка Рады бясьпекі Ўрала Латыпава. Гэтыя начальнікі кажуць, што скароцяць 5 000 супрацоўнікаў міліцыі — гэта прыкладна 4% ад афіцыйнай колькасьці міліцыянтаў і службоўцаў унутраных войскаў. Міністэрства ўнутраных справаў вызначае агульную колькасьць міліцыянтаў як 75 000 чалавек. Між тым, незалежныя экспэрты называюць значна большую лічбу й кажуць, што заплянаванае скарачэньне — ня больш як перадвыбарчы фарс, накіраваны на тое, каб запэўніць выбаршчыкаў, што выдаткі на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату меншаюць. Паводле падлікаў генэрал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба, сёньня міністру Навумаву падпарадкавана ня менш як 120 000 чалавек . Генэрал Грыб згодны, што гэткую армію міліцыянтаў трэба скарачаць, ды моцна. Заплянаванае ўладай нязначнае скарачэньне М.Грыб тлумачыць найперш палітычнымі прычынамі. (Грыб: ) "Я думаю, ім трэба нешта паказаць перад выбарамі на прэзыдэнта. Ды ўрэшце ж і грошы трэба неяк эканоміць. Штогод бюджэт на ўтрыманьне органаў унутраных справаў павялічваецца. Органы ўнутраных справаў цяпер большыя за органы Міністэрства абароны ў паўтара-два разы. Дзе ж такое было, калі?" Паводле спадара Грыба, у краіне 9 розных службаў займаюцца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю. Фактычна пільнуюць адна адну. Некалькі структураў, што паўтараюць адна адну, ёсьць і ў міліцыі, але патрэбнага выніку няма. Злачыннасьць за год вырасла, прычым, адзначае генэрал, вырасла яна й сярод міліцыянтаў, чаго раней амаль не было. (Грыб: ) "На супрацоўнікаў міліцыі завялі 116 крымінальных справаў за год. У наш час, калі ў вобласьці была адна ці дзьве крымінальныя справы на супрацоўнікаў органаў унутраных справаў — гэта ж быў скандал. Гэта ж было надзвычайна, начальнікаў здымалі з пасадаў!" Коштам якіх структураў адбудзецца скарачэньне? Афіцыйныя крыніцы адказу на гэтае пытаньне не даюць. Прэсавая сужба Міністэрства ўнутраных справаў накіроўвае журналістаў ў Раду бясьпекі, дзе, паводле міліцыянтаў, і нарадзілася ідэя скарачэньня. Аднак і ў Радзе бясьпекі не змаглі патлумачыць плянаў вышэйшага кіраўніцтва. Адказалі, што пакуль аніякіх дакумэнтаў ня маюць. М.Грыб лічыць, што скарачэньне трэба пачынаць з частак унутраных войскаў ды цэнтральнага апарату міністэрства, а ўжо потым зьменшыць непасрэдна міліцэйскія сілы. Але, на думку спадара Грыба, улады пойдуць іншым шляхам, які гарантуе недатыкальнасць тых структураў, на якіх трымаецца рэжым. (Грыб: ) "Думаю, гэта будзе датычыцца міліцыі, а калі ўнутраныя войскі неяк закране, дык гэта будуць гаспадарчыя падразьдзяленьні, фінансавыя, а баявыя адзінкі захаваюцца. Нармальна як? Калі моцна пагаршаецца апэратыўны стан, шмат злачынстваў — трэба бараніць людзей. Трэба павялічыць сродкі на гэтую службу й колькасьць людзей, што там працуюць. Гэта вытлумачальна. А потым, калі дасягнулі перавагі, трэба скарачаць, бо непатрэбныя адзінкі ня будзе ніхто ўтрымліваць. У нас жа зьменаў аніякіх няма, злачыннасьць не скарацілася, а павялічылася, калі параўнаць зь мінулым годам. Гэта папросту папулісцкі крок". (Карэспандэнт: ) "Вы не выключаеце, што па выбарах гэтае скарачэньне ізноў кампэнсуецца?" (Грыб: ) "Абсалютна не выключаю. У нашай дзяржаве я нічога не выключаю". Гэтак лічыць генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які ў 1980-х гадох ўзначальваў віцебскую абласную міліцыю. Алег Грузьдзіловіч, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |