RFE/RL |
Аўторак, 23 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Кожная з дзьвюх дэлегацыяў Беларусі ацаніла вынікі сёньняшняга паседжаньня Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на сваю карысьць. На сувязі яшчэ адзін наш карэспандэнт у Стразбургу Ўладзімер Глод. Першым, хто пракамэнтаваў вынікі паседжаньня, быў старшыня Палітычнага камітэту Тэры Дэйвіс. Парлямэнтар з Вялікай Брытаніі адразу павінен быў выступаць на пленарным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі ў іншым пытаньні і таму быў гранічна ляканічны: (Дэйвіс: ) “Я вельмі спадзяюся, што гэтая сустрэча будзе пачаткам дыялёгу паміж народам Беларусі і народамі краінаў, што ўваходзяць у Раду Эўропы. Я вельмі спадзяюся, што і прадстаўнікам Беларусі гэтая сустрэча давзоліць лепш зразумець адно аднаго”. А вось кіраўнік Камітэту замежных справаў расейскай Дзярждумы Дзьмітры Рагозін прытрымліваецца думкі, што свае ўнутраныя пытаньні беларускія палітыкі павінны вырашаць у сваёй краіне. (Рагозін: ) “Апэляцыя да Эўропы з просьбай зразумець нас, прымірыць нас, грэшных, ня мае сэнсу. На самай справе ўсе праблемы мы павінны вырашаць самастойна. Гэта зьвязана і з палітыкай, і з эканамічнай стабільнасьцю. Я ня вельмі вялікі прыхільнік таго, каб выкарыстоўваць Раду Эўропы зь ейнымі спэцыфічнымі інтарэсамі для кожнай краіны, каб знайсьці тут нейкую праўду. Я думаю, што напружанасьць у Беларусі будзе працягвацца даволі доўга, у кожным выпадку да прэзыдэнцкіх выбараў”. Вядомы ангельскі дыплямат сэр Сіднэй Чэпмэн лічыць, што ў Беларусі павінныя адбыцца тры рэчы: (Чэпмэн: ) “Па-першае, Беларусь павінна стаць дэмакратычнай краінай ня толькі тэарэтычна, але і на практыцы. Па-другое, законы ў Беларусі павінныя мець аднолькавую сілу для кожнага без выключэньня. У краіне павінен дзейнічаць падзел уладаў, і выканаўчая ўлада мусіць таксама падпарадкоўвацца закону. Па-трэцяе, правы чалавека, свабода слова, свабода друку, свабода рэлігіі – гэта ўсё павінна быць увасобленае ў практыку”. Сябра Парлямэнцкай асамблеі РЭ ад Турцыі Аціла Мітман засяродзіў увагу на тым, што ў Беларусі яшчэ не скасаване сьмяротнае пакараньне. Ён, у прыватнасьці, адзначыў: (Мітман: ) “Тое, што ў Беларусі не скасаванае сьмяротнае пакараньне, для Палітычнага камітэту надзвычай важна. Мы ведаем, што ў Вас існуе ціск з боку прэзыдэнта. Улады і апазцыя мусяць пайсьці на нейкае замірэньне дзеля беларускага народу”. Дакладчык у справах Беларусі Палітычнага камітэту РЭ Вольфганг Бэрэндт пад час паседжаньня заявіў, што казаць аб вяртаньні беларускаму парлямэнту статусу адмыслова запрошанага заўчасна. Уладзімер Глод, Стразбург
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |