RFE/RL |
Аўторак, 23 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Пінскія ўлады не дазваляюць разьмяшчаць у горадзе й раёне незалежныя пэрыядычныя выданьні. Афіцыйныя ж “раёнкі” з гэтага году выходзяць з дадатковымі аркушамі — коштам бюджэтных грошай. Ужо два гады цягнецца вядомая справа рэгістрацыі газэты “Правінцыя”. Заснавальнікам "Правінцыі" гарвыканкам не дае так званага “дазволу на разьмяшчэньне”, шматлікія судовыя працэсы й скаргі не дапамаглі. Цяпер ў падобнай сытуацыі апынулася й газэта “Вячэрні Пінск”, заснавальніца якой — старшыня мясцовай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Валянціна Наварыч. Ужо доўгі час гарадзкія й раённыя ўлады хаваюцца за незразумелымі адгаворкамі, каб не даваць газэце ўсё той жа “дазвол на разьмяшчэньне выданьня”. Пэўна, што дагэтуль актуальным застаецца тлумачэньне, якое мясцовыя чыноўнікі далі заснавальнікам “Правінцыі” яшчэ два гады таму . Маўляў, “у Пінску існуе дастатковая колькасьць выданьняў, каб усебакова асьвятляць падзеі гарадзкога жыцьця”. Аднак дзейныя дзяржаўныя гарадзкія газэты адмаўляюцца друкаваць матэрыялы зь меркаваньнямі, якія розьняцца ад афіцыйных. Таму “усебаковага адлюстраваньня” не атрымліваецца. На сёньня ў Пінску ёсьць толькі адна прыватная газэта, ды й тая рэклямна-забаўляльнага характару. Сталіца Беларускага Палесься —адзіны значны горад Берасьцейскай вобласьці, дзе няма свайго незалежнага грамадзка-палітычнага выданьня. Некаторыя ж дзяржаўныя газэты, так званыя “раёнкі”, з новага году зрабіліся таўсьцейшыя. Прыкладам пінская “Палеская праўда” і янаўская “Чырвоная звязда” раз на тыдзень друкуюцца з дадатковым аркушам–устаўкай. Цікава, што кошт падпіскі на гэтыя выданьні не падвысіўся. Відаць, гэтыя дадатковыя старонкі, аплочаныя коштам падаткаплатнікаў, патрэбныя ўладам, каб у часе перадвыбарчай кампаніі даводзіць тым жа падаткаплатнікам, за каго трэба галасаваць. Аляксей Дзікавіцкі, Пінск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |