RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 22 Cтудзеня 2001 Cтудзеня 2001

Сёньня



Магчымыя варыянты правядзеньня агiтацыйнай кампанii на карысьць кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыi падчас прэзыдэнцкiх выбараў у Беларусi, а таксама iнфармаваньне грамадзянаў пра падзеi ў краiне i арганiзацыя сыстэмы назiраньня за хадой галасаваньня абмяркоўвалiся ў Берасьцi на сустрэчы прадстаўнiкоў усходнеэўрапейскiх краiнаў з мясцовымi лiдэрамi палiтычных партыяў i грамадзкiх аб’яднаньняў.

Прадстаўнiкi ўплывовых грамадзкiх арганiзацыяў пяцi краiнаў Усходняй Эўропы – Югаславii, Харватыi, Славакii, Польшчы ды Ўкраiны – прыбылi ў Берасьце на запрашэньне мясцовых прадстаўнiкоў так званага трэцяга сэктару. Мэту свайго вiзыту яны акрэсьлiлi як збор iнфармацыi пра падзеi ў Беларусi напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў i кансультацыйная дапамога сваiм беларускiм калегам у пытаньнях правядзеньня агiтацыйнай кампанii падчас гэтых выбараў.

У прыватнасьцi размова iдзе пра арганiзацыю ў Берасьцi ды iншых рэгiёнах сэрыi адмысловых трэнiнгаў з удзелам прадстаўнiкоў грамадзкiх арганiзацыяў эўрапейскiх краiнаў, якiя маюць досьвед у правядзеньнi падобных кампанiяў у апошнiя гады.

Найбольшую цiкавасьць у берасьцейскiх удзельнiкаў сустрэчы выклiкалi выступы прадстаўнiкоў сэрбскага маладзёвага руху "Адпор" (Супрацiў) Аляксандра Мiларадавiча i Слабадана Джынавiча. Яны нагадалi гiсторыю стварэньня гэтага руху, якi ставiў за мэту аб'яднаць маладых людзей, расчараваных у палiтыцы, якую праводзіў рэжым Мiлошавiча. Госьцi з Сэрбii заявiлi, што iхная арганiзацыя гатовая перадаць свой досьвед, якi дазволiў "Адпору" разам з iншымi прадстаўнiкамi дэмакратычнай апазыцыi дамагчыся зьмены прэзыдэнцкай улады ў краiне восеньню 2000-га году. Разам з тым, Слабадан Джынавiч падкрэсьлiў, што ня варта спадзявацца на тое, што югаслаўскi сцэнар можа цалкам паўтарыць на Беларусi. "У вашай краiне iншыя ўмовы i iншы шлях да перамогi, таму вашая моладзь павiнна сама вызначаць свой лёс, а ня толькi слухаць бацькоў цi парады замежных гасьцей," – зазначыў адзiн з лiдэраў сэрбскага маладзёвага руху "Адпор".

Мiжнародны сакратар Камiтэту выбаршчыкаў Украiны Аляксей Лычкавах заявiў, што гэтая арганiзацыя таксама гатовая дапамагчы беларускiм грамадзкiм аб'яднаньням правесьцi незалежнае назiраньне на маючых адбыцца прэзыдэнцкiх выбарах. Пры гэтым Лычкавах нагадаў, што падчас назiраньня за падлiкам галасоў на рэфэрэндуме 96-га году ён быў затрыманы i адвезены ў Маскоўскi РАЎС Берасьця. Сёлета, лiчыць украiнcкi назiральнiк, таксама iснуе вялiкая верагоднасьць таго, што афiцыйныя ўлады Беларусi захочуць сфальсыфiкаваць вынiкi галасаваньня.

Алег Супрунюк, Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org