RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 22 Студзеня 2001

Сёньня:



Учора адбылася канфэрэнцыя менскай абласной Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Прадстаўнікі больш як 60 суполак "трэцяга сэктару" Меншчыны абмяркоўвалі стратэгію й тактыку пад час наступных выбараў на прэзыдэнта.

Канфэрэнцыя была справаздачна-выбарчай, але асноўны час дэлегаты прысьвяцілі наступным выбарам на прэзыдэнта.

Старшыня рабочай групы Мікола Дзялендзік паведаміў, што ўлады ў асобных рэгіёнах вобласьці распачалі перасьлед асяродкаў “трэцяга сэктару” й людзей, што мелі дачыненьне да назіраньня за леташнімі выбарамі ў так званую Палату прадстаўнікоў. Прыкладам, ужо два тыдні запар Салігорскі клюб выбаршчыкаў, які ачольвае спадар Дзялендзік, правярае падатковая паліцыя, хаця клюб ня ёсьць камэрцыйнай структурай.

(Дзялендзік: ) "Гэта палітычнае мерапрыемства перад выбарамі, каб зьнішчыць неяк арганізацыю".

Буйныя штрафы суд наклаў на слуцкага калегу Дзялендзіка Аляксандра Катлярова. Церпяць ад перасьледу жодзінскія суполкі ТБМ ды Маладога Фронту.

Затым прысутны на канфэрэнцыі лідэр Беларускай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Алесь Бяляцкі й старшыня выканкаму абласной Асамблеі Юрась Зянковіч абмяркоўвалі стварэньне сеткі назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама — тлумачальную працу сярод насельніцтва.

Каардынатары сеткі назіральнікаў, якіх толькі ў сталічнай вобласьці некалькі тысячаў, неўзабаве пройдуць адмысловае навучаньне. Пад час вучобы слухачы засвояць досьвед правядзеньня выбарчых кампаніяў дэмакратамі Польшчы, Славаччыны ды Югаславіі.

Каго ж бачыць абласная Асамблея адзіным кандыдатам на прэзыдэнта? Галасаваньня ўдзельнікаў канфэрэнцыі з гэтай нагоды не праводзілася. Вось што заявіў Юрась Зянковіч:

(Зянковіч: ) "Наш прадстаўнік Алесь Беляцкі выказвае нашы пажаданьні ў складзе Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Рабочая група агульнанацыянальнай Асамблеі прыняла рашэньне падтрымаць Сямёна Домаша. Мы ляяльна ставімся да гэтага рашэньня".

Алесь Мікалайчанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org