RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 22 Студзеня 2001

Сёньня:



200 дзён, як пры загадкавых абставінах зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Блізкія Зьмітра падазраюць, што сьледчыя органы маюць намер спыніць пошукі зьніклага.

Павал Шарамет лічыць, што пасьля кадравых перастановак у праваахоўчых органах справа Зьмітра Завадзкага набыла іншы накірунак. Гаворыць Павал Шарамет:

(Шарамет: ) “Справа Зьмітра Завадзкага пашырылася да сямі эпізодаў. Да звальненьня Бажэлкі й Мацкевіча яна мела два накірункі.

Першы быў зьвязаны з тым, што афіцэраў “Алмазу” й брыгады спэцыяльнага рэагаваньня, якой кіраваў Паўлючэнка, абвінавацілі ў тым, што яны выконвалі даручэньні найвышэйшых чыноўнікаў беларускай улады ў зьнішчэньні й запалохваньні лідэраў апазыцыі.

Гэтая інфармацыя трапіла ў КГБ. Супрацоўнікі КГБ арыштавалі Паўлючэнку й зрабілі ператрус у ягонай кватэры. Пад час ператрусу ў кватэры зьявіўся Шэйман ды загадаў сьледчым спыніць усе дзеяньні. Ён нецэнзурна лаяўся на падначаленых, патэлефанаваў Лукашэнку й пасьля гэтага Паўлючэнку вызвалілі, а сьледзтва ў гэтым накірунку цалкам спынілі.

Сьледчых КГБ адхілілі ня толькі ад гэтай справы, але й ад справаў Віктара Ганчара і Юр'я Захаранкі. Мацкевіч і Бажэлка звольненыя з працы. Галоўным у гэтым скандале быў Мацкевіч, які шмат чаго даведаўся ў гэтай справе ды ўжо баяўся выконваць загады Лукашэнкі, скіраваныя на “пахаваньне” гучных справаў.

КГБшнікі пасьпяшаліся. Яны папросту разьлічвалі, што Лукашэнка звольніць Шэймана, і такім чынам выканае ролю “добрага цара”, які папросту ня ведаў, што ў яго злодзеі-памочнікі. Але выйшла інакш, і пацярпелі яны самі”.

Павал Шарамет далей распавёў пра другі накірунак сьледзтва й спыніўся на ролі галоўнага падазраванага ў справе Завадзкага — былога спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча.

(Шарамет: ) "Напэўна, ёсьць інфармацыя пра дзеяньні гэтай брыгады, і яна дакладна ёсьць у Маскве, але нейкія сілы яе хаваюць — відаць, каб даць напярэдадні выбараў.

Сьледзтва падазрае, што Ігнатовіч таксама ўдзельнічаў у апэрацыях гэтай брыгады. На думку сьледчых, Ігнатовіч рабіўся ўсё больш самастойным і пачаў займацца бандытызмам ды рэкетам.

Сьледзтва ўжо даказала факты забойстваў групай Ігнатовіча ў Жодзіне, у Мар’інай Горцы ды яшчэ чатыры забойствы. Ёсьць і некаторыя доказы датычнасьці Ігнатовіча да справы апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Яны яшчэ не прад’яўленыя адвакатам і самому Ігнатовічу.

Пасьля выпадку з Паўлючэнкам і звальненьня Бажэлкі й Мацкевіча Ігнатовіч пачаў паводзіць сябе вельмі нахабна. Адмаўляецца адказваць на пытаньні, самастойна хадзіць на допыты і ўвесь час выкрыквае: “Няхай жыве Лукашэнка!”

Дзе знаходзіцца Зьміцер Завадзкі, невядома. Мы ня ведаем, што зь ім здарылася насамрэч. Ёсьць небясьпека, што справа Завадзкага будзе неўзабаве спыненая, і сьледзтва пойдзе так, як і ў справах Ганчара й Захаранкі.

Застаецца пытаньне: “Паводле ўласнай ініцыятывы выкрадаў Завадзкага Ігнатовіч, ці атрымаў загад?”" — паведаміў Павал Шарамет Радыё Свабода.

Зьміцер Наважылаў, карэспандэнт менскага бюро ОРТ, паведаміў нам наступнае:

(Наважылаў: ) "Кіраўніцтва МУС, кіраўніцтва сьледчай групы ўжо ня ўпэўненыя, што гэта было злачынства. Менавіта так сказаў Уладзімер Навумаў.

На жаль, ужо 200 дзён — і ніякіх зьвестак пра нашага сябра. Ёсьць надзея, што ён жывы, што ён знойдзецца, што сьледзтва будзе завершана, але з кожным днём гэтая надзея меншае".

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org