RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 19 Студзеня 2001

Сёньня:



(эфір 20 студзеня 2001)

20 студзеня будзе 624 дні, як зьнік Юры Захаранка, 492 дні — як зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі зьнік 196 дзён таму.

Не ўдалося сабраць 96 000 даляраў, каб пакрыць страты, што паводле судовага рашэньне нанес дзяржаве Андрэй Клімаў.
Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў не адказвае, жывы ці не Зьміцер Завадзкі.
Кіраўнік следчага камітэту Леанід Глухоўскі не прызнае, што справа Міхаіла Чыгіра знаходзіцца на дасьледаваньні.

18-га студзеня ў Менскай калёніі, дзе адбываюць свае тэрміны дэпутаты Ўладзімер Кудзінаў і Андрэй Клімаў, адбылося апошняе паседжаньне Камісіі па амністыі. Гэта камісія паўнамоцная ў падачы дакумэнтаў на датэрміновае вызваленьне.

Уладзімеру Кудзінаву па амністыі быў скасаваны адзін год ягонага тэрміну. Андрэй Клімаў меў шанец зусім выйсьці на волю, калі б удалося да паседжаньня камісіі вярнуць грошы, якія Ленінскі раённы суд яму прысудзіў. На жаль, патрэбную суму сабраць не ўдалося.

"Суд вырашыў, што Клімаў нанёс стратаў больш чым на 100 мільёнаў рублёў, а гэткіх вялізных грошай мне ніколі не сабраць, калі б нават прадала нашую кватэру", — тлумачыць Тацяна Леановіч, жонка Клімава.

Зварот да сяброў таксама быў бясплённы. "Сябры паабяцалі дапамогу, але ўсяго некалькі тысячаў, больш грошай ніхто ня мае, усе скардзяцца на вельмі дрэнны час для прыватнага бізнэсу, а нейкія фірмы дапамагаць проста баяцца", — сьцьвярджае Тацяна.

Ейныя спробы зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі дагэтуль посьпеху таксама ня мелі. Дарэчы, мінулымі выходнымі Тацяна Леановіч спаткалася з мужам, яна прынесла яму перадачы ад маці й сяброў. Сваю перадачу Клімаву даслалі вядомыя сьпевакі Ядзьвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч. Іх з Андрэем Клімавым лучыць даўняе сяброўства, і Тацяна рада, што гэтае сяброўства не спынілася ў цяжкі для дэпутата час.

На што цяпер, пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня амністыі, можа спадзявацца Клімаў? Новы Крымінальны кодэкс паслабленьня яму не абяцае. Разьлічваць даводзіцца хіба на будучую амністыю, якая можа скараціць 6-гадовы тэрмін пакараньня хаця б на год. Ці можа быць, на выхад з турмы пасьля адбыцьця дзьвюх трацінаў тэрміну, пры ўмове добрых паводзінаў.

Пакуль паводзіны Клімава нядрэнныя, заўваг ён ня мае, але што будзе далей — невядома, бо Клімаў ўсё ж чалавек, які здольны й на незвычайны ўчынак.

Вось апошні факт. Напярэдадні навагодніх сьвятаў Андрэй Клімаў адправіў А.Лукашэнку віншавальную паштоўку на адрас: Менск, вуліца К.Маркса 38. "Спадзяюся, у наступным годзе нам з вамі пашанцуе больш, чым раней", — напісаў Клімаў Лукашэнку. Што пацягне за сабою спроба вязьня выклікаць на дыялёг кіраўніка дзяржавы, невядома.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, што прайшла на гэтым тыдні, пыталіся й пра справу Міхаіла Чыгіра. Журналісты зьвярнулі ўвагу на тое, што паводле новага Крымінальнага кодэксу справы, якія ўжо разглядаліся судамі, ня могуць накіроўвацца на дадатковае расьсьледаваньне.

Менавіта пра дарасьсьледаваньне справы экс-прэм'ера заяўляюць цяпер сьледчыя. Кіраўнік сьледчага камітэту Леанід Глухоўскі ўзяўся тлумачыць сытуацыю, старанна пазьбягаючы тэрміну "дарасьсьледаваньне".

(Глухоўскі: ) "Пракуратура рэспублікі апратэставала рашэньне гарадзкога суду ў Найвышэйшым судзе. Той палічыў, што ранейшыя рашэньні былі няправільныя ды адмяніў іх і даў указаньне па шэрагу эпізодаў правесьці дадатковыя экспэртызы. Таму справа зараз знаходзіцца ў сьледчым камітэце, па ёй вядзецца праца", — патлумачыў кіраўнік сьледчага камітэту Леанід Глухоўскі.

Выходзіць, што калі дарасьсьледаваньне назваць працай, дык дарасьсьледаваньня ўжо й няма. "Новы Крымінальны кодэкс толькі ўвялі, а яго ўжо тлумачаць як заўгодна", — пракамэнтаваў сытуацыю Міхаіл Чыгір.

Вартая ўвагі й інфармацыя адносна зьніклых палітыкаў. Пра Юр'я Захаранку міністар Навумаў сказаў, што зьбіраецца яго шукаць у звычайным парадку, як і астатніх беларусаў, што штогод няведама куды зьнікаюць.

А пра справу апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага міністар паўтарыў, што яна вядзецца, ёсьць зрухі, але агалошваць іх зарана. Ад адказу на пытаньне, жывы Завадзкі ці не, Навумаў фактычна ўхіліўся.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org