RFE/RL |
Панядзелак, 22 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Судзьдзя Гомельскага абласнога суду Алена Троска прыняла рашэньне ліквідаваць рэгіянальнае грамадзкае Аб'яднаньне абяздоленых бальшавізмам. Пазоў у суд адносна ліквідацыі падпісаў начальнік Управы юстыцыі аблвыканкаму Валянцін Макарэвіч. Фармальнай падставай дзеля гэтага паслужыла тое, што аб'яднаньне не прайшло перарэгістрацыі паводле дэкрэту Лукашэнкі. Аднак адмовіла ў гэтым аб'яднаньню менавіта Ўправа юстыцыі, угледзеўшы нібыта неадпаведнасьць пададзеных дакумэнтаў заканадаўству. Паколькі суполка абяздоленых бальшавізмам не абскарджвала рашэньня Ўправы юстыцыі ў судзе, сама ўправа стала ініцыятарам ейнай ліквідацыі. Кіраўнік аб'яднаньня Іван Нячаеў лічыць, што гэта зьвязана найперш з назваю — “абяздоленыя бальшавізмам”. Яшчэ пад час рэгістрацыі, пяць гадоў таму, заснавальнікі аб'яднаньня (а гэта збольшага былыя палітрэпрэсаваныя альбо іхныя дзеці) мелі з-за назвы шмат цяжкасьцяў. Чыноўнікі раілі былым палітвязьням зьмяніць назву “абяздоленыя бальшавізмам” на “абяздоленых сталінізмам”, але заснавальнікі аб'яднаньня не пагадзіліся. Не пагадзіліся былыя вязьні й на прапанову Ўправы юстыцыі самаліквідавацца. Цяпер непаслухмянае аб'яднаньне з дапамогаю суду ўсё адно выкрэсьліваюць з рэестру грамадзкіх фармаваньняў. Перш чым вынесьці рашэньне, судзьдзя Троска заявіла прысутным сябрам аб'яднаньня, што нічога адметнага ў аб'яднаньні няма: папросту старэйшае пакаленьне трапіла пад кола рэпрэсіяў. Як стала вядома, да ліквідацыі спрычынілася й сумна вядомая рэспубліканская камісія пад кіраўніцтвам Замяталіна, якая ў свой час у адмысловым лісьце раіла не перарэгістроўваць Аб'яднаньне абяздоленых бальшавізмам. Па скасаваньні аб'яднаньня выглядае няпэўна й будаўніцтва помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Распавядае Іван Нячаеў. (Нячаеў: ) "У нас адна мэта — помнік. Мы за свае сродкі зрабілі праект, ёсьць каштарыс, месца для помніка. Праект прайшоў экспэртызу. Цяпер усе атрасаюць рукі: арганізацыя не перарэгістраваная". Помнік ахвярам палітрэпрэсіяў у выглядзе шматлікіх крыжоў (зь белым высокім крыжам у цэнтры) плянавалася ўзьвесьці на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы, абапал якой у 1930-40 гады расстраляна шмат жыхароў Палескага рэгіёну. Казімер Яноўскі, Гомель |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |