RFE/RL |
Чацьвер, 18 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Беларускае Міністэрства замежных справаў выклікала намесьніка кіраўніка амэрыканскае дыпляматычнае місіі ў Менску Джона Кунстатэра ды выказала яму пратэст з нагоды затрыманьня Паўла Барадзіна ў Нью-Ёрку. Падрабязнасьці Радыё Свабода паведаміў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка: (Латушка: ) "Сёньня ў Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусі быў выкліканы намесьнік главы пасольства Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джон Кунстатэр. Пад час сустрэчы першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў выказаў прадстаўніку Злучаных Штатаў Амэрыкі пратэст з прычыны затрыманьня ў аэрапорце Нью-Ёрку дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Паўла Барадзіна. Беларускі бок пад час гэтай сустрэчы падкрэсьліў, што згаданы інцыдэнт зьяўляецца недружалюбным актам у дачыненьні да саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Пад час згаданай сустрэчы была выказаная таксама пазыцыя МЗС Беларусі: патрабаваньне неадкладнага й безумоўнага вызваленьня дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Паўла Барадзіна". (Карэспандэнт: ) "Але на брыфінгу сёньня раніцай вы казалі, што гэта знаходзіцца ў юрысдыкцыі Расеі, і таксама што Барадзін ёсьць грамадзянінам Расеі. Чаму зьмянілася пазыцыя?" (Латушка: ) "Я не магу сказаць, што пазыцыя зьмянілася. Канечне, разглядаецца спадар Барадзін у тым ліку як грамадзянін Расейскае Фэдэрацыі, і ў адпаведнасьці з заканадаўствам, якое дзейнічае ў консульскай сфэры, абарону грамадзян ажыцьцяўляюць тыя краіны, да грамадзянства якіх належыць тая ці іншая асоба. У гэтым выпадку — Міністэрства замежных справаў Расейскае Фэдэрацыі. Але мы павінны ўлічваць і той факт, пра які я казаў ураніцу на брыфінгу, — гэта вельмі важна — што спадар Барадзін зьяўляецца дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. І гэтае пытаньне тычыцца як Беларусі, так і Расеі". (Карэспандэнт: ) "І апошняе пытаньне: чаму беларускае МЗС выклікала намесьніка амбасадара ЗША, а не самога амбасадара Козака?" (Латушка: ) "Ну, я думаю, што зразумелы адказ на гэтае пытаньне. У сувязі з тым, што спадар Козак зьяўляецца прызначаным паслом ЗША ў Беларусі, і яшчэ не ўручыў даверчых граматаў прэзыдэнту Беларусі". (Карэспандэнт: ) "А гэтая працэдура — дата ўручэньня граматаў — узгадняецца?.." (Латушка: ) "Мы не камэнтуем гэтага пытаньня". Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |