RFE/RL |
Пятніца - нядзля, 19 - 21 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Выканаўчы сакратар Саюзу Беларусі і Расеі, былы кіраўнік справамі расейскага прэзыдэнта Павал Барадзін, увесь наступны тыдзень правядзе ў сьледчай вязьніцы ў Ню-Ёрку… Такую пастанову прыняў учора бруклінскі суд. Расейскія афіцыйныя асобы лічаць затрыманьне Барадзіна неправамоцным, а юрыдычныя прадстаўнікі аспрэчваюць абвінавачаньні швайцарскай пракуратуры, паводле якіх Барадзін адмываў грошы, атрыманыя ад швайцарскіх кампаніяў нанятых для рамонту Крамля. Учора ў Акруговым судзе Брукліну ў справе Барадзіна разглядаліся пераважна працэдурныя пытаньні. Яны тычыліся таго, наколькі затрыманы разумее сутнасьць выстаўленых супраць яго абвінавачаньняў. Апрача гэтага, Барадзіну паведамілі, што паводле амэрыканскіх законаў, ён мае права не рабіць ніякіх заяваў, якія пазьней маглі б быць ужытымі супраць яго… Судзьдзя Віктар Пагарэльскі прапанаваў адвакату Барадзіна Раймонду Лявіцісу яшчэ раз узьняць у часе наступнага паседжаньня пытаньне пра выпуск затрыманага пад заклад у памеры некалькіх сотняў тысячаў даляраў. Прысутны на судзе карэспандэнт нашага Радыё Свабода Робэрт Мак’Мэн паведамляе, што апрача гэтага Лявіціс прапанаваў дазволіць Барадзіну часова жыць на тэрыторыі Генэральнага консульства Расеі ў Ню-Ёрку пад пэрсанальную заруку пасла Расеі ў Злучаных Штатах Юрыя Ўшакова і згоду затрыманага насіць адмысловы электронны бранзалет, які дазваляе праваахоўным ворганам кантраляваць месца знаходжаньня затрыманага. Чакаецца, што швайцарскія ўлады неўзабаве запатрабуюць выдачы Барадзіна, якога падазраюць у адмываньні 25 мільёнаў даляраў, атрыманых ім ад швайцарскіх кампаніяў Mabetex і Mercata ў часы кіраваньня Барыса Ельцына. Гаворыць швайцарскі абвінаваўца Бэрнард Бэртоса: (Бэртоса: ) “Мы маем бясспрэчныя дакумэнтальныя сьведчаньні і іншыя доказы, якія паказваюць, што спадар Барадзін браў значныя сумы хабару на кантрактах, падпісаных Расейскай Фэдэрацыяй. Паводле швайцарскага заканадаўства, такія дзеяньні зьяўляюцца злачынствам і караюцца паводле закону”. Летась расейская пракуратура (пасьля двух гадоў працы) закрыла сваё сьледзтва ў гэтай справе. Сьледчыя заявілі, што швайцарскія ўлады ня здолелі даказаць злачыннай дзейнасьці Барадзіна. Учора Лявіціс падаў суду ліст ад расейскай пракуратуры, зь якога вынікае, што швайцарскія абвінавачаньні паводле расейскіх законаў не нясуць у сабе складу злачынства. Пра тое самае сказаў і павераны Барадзіна ў Расеі Барыс Кузьняцоў: (Кузьняцоў: ) “Усе падзеі адбываліся на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Падпісваліся кантракты і з Мэркаты-Тройдынг і з Мабітэксам з нагоды вялікага крамлёўскага палацу, з нагоды лічыльнай палаты і прэзыдэнцкага самалёту. Натуральна, што ўсе падзеі адбываліся ў Расеі”. Швайцарскі абвінаваўца Бэрнард Бэртоса наступным чынам характарызуе расейскую судовую сыстэму: (Бэртоса: ) “Палітычная настроенасьць расейскай судовай сыстэмы выразна інсьпіраваная матывамі, якія ня маюць нічога супольнага з расейскім крымінальным кодэксам. Яна (сыстэма) робіць усё, у імя ажыцьцяўленьня дзяржаўнай палітыкі, якой нельга супраціўляцца”. Чакаецца, што Барадзін будзе спасылацца на дыпляматычную недатыкальнасьць, але на беспадстаўнасьць такіх спасылак адказаў учора прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартаманту Рычард Баўчар: (Байчар: ) “Ён прыехаў у Злучаныя Штаты са звычайным грамадзянскім пашпартам і дзелавой візай, якая была дадзеная ў 98 годзе. Мы ня маем ніякіх сьведчаньняў, што ён быў акрэдытаваны ў якім-небудзь пасольстве, консульстве ці міжнароднай арганізацыі на тэрыторыі ЗША. Такім чынам ін ня мае імунітэту ад арышту”. Наступнае паседжаньне Акруговага суду ў Ню-Ёрку прызначанае на 25 студзеня. Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |