RFE/RL |
Пятніца - нядзля, 19 - 21 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
У Магілеве ўлады перасьледуюць супрацоўнікаў аўтазаводу, які ў сьнежні выказалі пратэст супраць дзеяньняў адміністрацыі прадпрыемства… Пратаколы складалі супрацоўнікі аддзелу ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёну Магілеву. Таго самага, на тэрыторыі якога знаходзіцца аўтазавод. Першапачаткова працаўнікам прадэманстравалі відэаздымкі апэратара з КГБ і прапаноўвалі знайсьці знаёмых. Як ужо паведамляла Радыё Свабода, напярэдадні навагодніх сьвятаў працаўнікі магілеўскага аўтамабільнага заводу стыхійна выйшлі на вуліцы і перагарадзілі Віцебскі праспэкт гораду. Відэаапэратары з КГБ зафіксавалі каля тысячы ўдзельнікаў акцыі пратэсту. У адпаведнасьці з гэтымі здымкамі міліцыянты спрабуюць знайсьці ініцыятараў. Аднак, пад час дачы паказаньняў усе апытаныя рабочыя адмаўляюць арганізаваны характар выступленьня. Цяжка ім было знайсьці на відэастужцы і знаёмыя твары. Тым ня менш, частку рабочых пазналі. Без тлумачэньня прычынаў іх выклікалі ў домакіраваньне аўтазаводу і складалі адпаведныя пратаколы. Рабочыя ўспрынялі складаньне пратаколаў на сваіх калегаў надзвычай хваравіта. У працоўным асяродку кажуць, што ў працэсе скарачэньня штату будуць звольненыя 800 чалавек – амаль столькі, колькі ўдзельнічала ў акцыі. Новы дырэктар прадпрыемства Ніканор Міхайловіч заяўляе, што скарачэньне будзе тычыцца толькі пэнсыянэраў. Аднак рабочыя ня вераць гэтым абяцаньням. Той жа Міхайловіч кажа пра неабходнасьць умацаваньня дысцыпліны і заяўляе, што павелічэньне заробкаў работнікі пакуль што не заслужылі. Відочна, што падвышкі бліжэйшым часам ня будзе. І не па віне рабочых. А таму, што прадпрыемства ня здольнае рэалізаваць усю прадукцыю. Тым часам міліцыянты шукаюць арганізатараў сьнежаньскай акцыі. Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |