RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 19 Студзеня 2001

Сёньня:



(Эфір 18 Студзеня 2001)

Генэральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу супраць газэты "Наша свабода", якая на мінулым тыдні апублікавала мэдычнае заключэньне пра стан псыхічнага здароўя А.Лукашэнкі. Галоўны рэдактар выданьня Павал Жук гаворыць, што іншай рэакцыі ўладаў на публікацыю ён і не чакаў.

Справа ўзбуджаная паводле 367 артыкулу часткі 1 Крымінальнага кодэксу — абраза гонару й годнасьці й паклёп на прэзыдэнта Беларусі.

Справу расьсьледуюць сьледчыя пракуратуры й КГБ. Паводле рэдактара "Нашай свабоды" Паўла Жука, цяпер гэтая брыгада праводзіць сьледчыя дзеяньні, і нікога з супрацоўнікаў рэдакцыі на допыты пакуль не выклікалі.

Аднак спадар Жук лічыць, што неўзабаве ў пракуратуру выклічуць. На ягоную думку, сьледчым прыйдзецца добра папрацаваць, каб даказаць, што газэта "Наша свабода" паклёпнічала й абразіла гонар і годнасьць А.Лукашэнкі. Гаворыць Павал Жук:

(Жук: ) "Я думаю, што яны не зацікаўленыя ў тым, каб раскручваць гэтую справу. Таму што ім самым давядзецца даказваць, што мы зрабілі паклёп на прэзыдэнта.

Сытуацыя да таго ж такая, што ў гэтым выпадку вялося пра Лукашэнку, а не пра нейкага прэзыдэнта. Прэзыдэнт у Беларусі не абраны да гэтага часу, бо ягоныя паўнамоцтвы скончыліся 21 ліпеня 1999 году. А Лукашэнка папросту захопнік улады — гэта па-першае .

А па-другое, ім прыйдзецца даказваць, што быў паклёп як такі. А каб даказаць, ці паклёп гэта, трэба будзе прызначыць судовую экспэртызу псыхіятрычную менавіта ў дачыненьні да грамадзяніна Лукашэнкі. Калі яны назначаць гэткую экспэртызу, мы будзем прапаноўваць сваіх экспэртаў, сваіх спэцыялістаў, каб усё было дакладна", — паведаміў Павал Жук.

Галоўны рэдактар "Нашай свабоды" гаворыць, што быў перакананы ў прафэсіяналізме лекара-псыхіятра Зьмітра Шчыгельскага, а таксама ў праўдзівасьці ягонага заключэньня пра стан здароўя А.Лукашэнкі, інакш ніколі б не надрукаваў гэтага матэрыялу ў сваёй газэце.

Але Павал Жук разам з тым разумее, у якой краіне ён жыве і гатовы да рэпрэсіяў з боку ўладаў. Паводле рэдактара "Нашай свабоды", ён гатовы, што газэту могуць закрыць. Але Павал Жук гаворыць, што гэтак улады ўсё адно нічога не даб'юцца, бо замест закрытай паўстане новая газэта.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org