RFE/RL |
Чацьвер, 18 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета рэспублікі распрацавала праект закону "Аб інфармацыйнай бясьпецы", які можа яшчэ больш абмежаваць свабоду слова ў Беларусі. Гэты законапраект распрацоўвала група экспэртаў з Савету рэспублікі, Рады бясьпекі ды іншых ведамстваў пад кіраўніцтвам старшыні сталай Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалая Чаргінца. Аўтары законапраекту асноўныя пагрозы для інфармацыйнай бясьпекі краіны й сацыяльнай стабільнасьці грамадзтва бачаць у навязваньні людзям праз СМІ заходніх каштоўнасьцяў, а моладзі замест айчыннага станоўчага герою — супэрасобы ўсё таго ж заходняга ўзору. Паводле законапраекту, пагрозай таксама ёсьць"інфармацыйны ціск на грамадзтва, што зьдзяйсьняецца ў інтарэсах пэўных палітычных сілаў". Дакумэнт таксама сьцьвярджае, што шкоднае інфармацыйнае ўзьдзеяньне адбываецца праз мэдыі, каб узмацніць у грамадзтве сацыяльна-палітычныя, эканамічныя й духоўныя калізіі, стварыць няпэўнасьць і г.д. Кантраляваць стан інфармацыйнай бясьпекі,паводле праекту, разам з прэзыдэнтам, Радай бясьпекі ды іншымі дзяржаўнымі органамі будуць і грамадзкія арганізацыі кшталту Нацыянальнай рады ў справе этыкі й маральнасьці ды іншых. На нашу просьбу гэты праект камэнтуе экспэрт Цэнтру прававой абароны СМІ Андрэй Бастунец: (Бастунец: ) "Гэты закон прымаецца у час, калі ўжо існуюць законы, што рэгулююць гэтыя сфэры. Галоўная небясьпека ў тым, што гэты закон мае выразны ідэалягічны і палітычны накірунак". (Карэспандэнт: ) "Спадар Бастунец, чаму на вашую думку, гэты законапраект зьявіўся менавіта цяпер?" (Бастунец: ) "Зараз напружаньне ўзрастае ў грамадзтве ў сувязі з набліжэньнем выбараў на прэзыдэнта. Таму ўладныя колы нейкім чынам стараюцца ўзяць інфармацыйныя патокі пад кантроль". На думку спадара Бастунца, у выпадку прыняцьця гэтага праекту гэтак званай Палатай прадстаўнікоў, улады возьмуць пад свой кантроль усе інфармацыйныя патокі ў Беларусі. Цяпер праект праходзіць экспэртную ацэнку ў розных дзяржаўных структурах, і ў лютым будзе перададзены на разгляд Палаты прадстаўнікоў. Днямі праект разглядаўся праўленьнем Беларускай асацыяцыі журналістаў. Кіраўніцтва БАЖ вырашыла разаслаць копіі гэтага, на ягоную думку, небясьпечнага для свабоды слова дакумэнта разам з заключэньнем сваіх экспэртаў у розныя міжнародныя журналісцкія й праваабарончыя арганізацыі. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |