RFE/RL |
Пятніца - нядзля, 19 - 21 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Сёньня на цэнтральным стадыёне Барысаву адбыўся сумесны мітынг мясцовых дробных гандляроў, якія страйкуюць, і жыхароў гораду… Мітынг арганізаваў Свабодны прафсаюз прадпрымальнікаў. Роўна а 14 гадзіне на барысаўскім стадыёне, як раз на пляцоўцы, дзе да страйку гандлявалі тутэйшыя прадпрымальнікі, сабраліся блізу тысячы чалавек. Зь іх – каля траціны пакупнікі, якія купляюць рэчы ў дробных гандляроў. У руках людзі трымалі сьцягі Свабоднага прафсаюзу Беларускага і плякаты: “Дарогу прадпрымальнасьці!”, “Дарогу ўласнасьці!”, “Нашым дзецям – дэмакратычную краіну!”, “Не – канфіскацыям!”, “Так – інвэстыцыям!”, “Надзеі на бацьку зьніклі!”… Характэрнай рысай гэтага мітынгу было тое, што на яго прыйшлі прадстаўнікі вэртыкалі і падатковай міліцыі. Як патлумачыў грамадзе намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Чарняўскі, гарадзкія ўлады за апошні тыдзень зрабілі ўсе, што ад іх залежыць, каб навесьці парадак на ўсіх чатырох рынках гораду. Але іх зварот у менскую абласную мытню вынікаў ня даў. Там нічога нават ня чулі, каб мытны камітэт ці ўрад мелі намер перагледзіць пастанову адносна новых правілаў мытнага афармленьня тавараў. Спадар Чарняўскі выказаў зьдзіўленьне, што на мітынг не зьявіліся кіраўнікі барысаўскага мытнага пункту. Гэтую пазыцыю ўладаў моцна крытыкавалі ў сваіх прамовах жыхар гораду Леў Марголін, актывіст БСДП “Народная Грамада” Аляксандар Абрамовіч, прадпрымальнік Уладзімір Крэпскі ды іншыя. Запомнілася выступленьне экс-міністра абароны Паўла Казлоўскага, які сказаў, што сацыяльная палітыка Аляксандра Лукашэнкі супраць вайскоўцаў пераўтварыла многіх ваенных пэнсыянэраў у гандляроў і бізнэсоўцаў. Паводле Казлоўскага, у беларускім войску сьпее незадавальненьне гэткай палітыкай. Павал Казлоўскі заклікаў прысутных, каб тыя на прэзыдэнцкіх выбарах галасавалі за любога кандыдата, толькі не за Аляксандра Лукашэнку. Мітынг прыняў рэзалюцыю працягваць бестэрміновы страйк, прасіць салідарнасьці і падтрымкі ў насельніцтва і сродкаў масавай інфармацыі Барысаву. Алесь Мікалайчанка, Барысаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |