RFE/RL |
Чацьвер, 18 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Два дні таму наша радыё паведаміла пра выпадак людажэрства ў Менску. Падазраваных у канібалізме пракуратура абвесьціла арыштаванымі без прад’яўленьня абвінавачваньня на час сьледчых дзеяньняў. Шасьцёра затрыманых, сярод якіх дзьве жанчыны — 25-гадовая санітарка шпіталю й 43-гадовая кухарка, ды чацьвёра мужчынаў — рабочы заводу, два беспрацоўных ды былы расейскі матрос, зь сёньняшняга дня лічацца арыштаванымі. Іх падазраюць у тым, што ў навагоднюю ноч забілі мужчыну, зь ягоных вантробаў прыгатавалі стравы на сьвяточны стол, а пасьля гэтага “баляваньня канібалаў” выкінулі часткі цела ў Вялейскі канал на скрыжаваньні вуліцы Філімонава і праспэкту Скарыны. Пад час допытаў некаторыя зь іх прызналіся, што ўжывалі стравы з чалавечыны, каб закусваць гарэлку. Сьледчыя гарадзкой пракуратуры разглядаюць гэтую справу як звычайнае бытавое забойства. Грамадзяне ж сталіцы лічаць, што гэты выпадак надзвычайны. (Спадар: ) “Гэта жудасная гісторыя. Каб такое ў Менску? Нешта ў гэтым зьвярынае”. (Спадарыня: ) "Я лічу, што гэта ня проста забойства. Гэта вельмі шакуе”. (Спадар: ) “І гэты выпадак, і забойства Дзеда Мароза сьведчаць пра тое, што няма аніякіх ідэялаў, нічога. Гэта вынік таго, што цягнецца ў нас гадоў 300”. Ёсьць і гэткае меркаваньне: (Спадар:) "Я лічу, што гэта вынік таго, як ва ўсіх сфэрах грамадзтва ставяцца да чалавека. Бо чалавечае жыцьцё цяпер не ўяўляе аніякай каштоўнасьці для дзяржавы і для іншых людзей. І можна сказаць, што й душа чалавека ня мае аніякай каштоўнасьці". Старшы памочнік гарадзкога пракурора Алег Агафонаў прааналізаваў гэтую сытуацыю: (Агафонаў: ) “Гэта звычайнае побытавае забойства. У Менску толькі сёлета ўжо некалькі расьсечаных трупаў у розных раёнах гораду. На тле крымінагеннай сытуацыі, якая рэзка пагаршаецца, гэты выпадак мы разглядаем як шараговую справу. Мы маем алькагалізацыю грамадзкасьці, якая дасягнула крытычнай адзнакі і, што самае страшэннае — наркаманізацыю, ад якой гадоў праз 5 нам усім будзе вельмі кепска. А цяпер мы маем такую зьяву як беспрычынныя побытавыя забойствы, неапраўдана жорсткія. Тут і сродкі масавай інфармацыі вінаватыя. На расейскіх каналах, якія глядзіць большасьць нашага насельніцтва, паказваюць фільмы з “чарнухаю”. Тут нейкі сацыяльны выбух. Разумееце, у нас няма аніякіх спэцыяльных дасьледаваньняў. Таму й гэтым разам супрацоўнікі пракуратуры не зьдзівіліся. Ну, проста яшчэ адно забойства”, — гэтак мяркуе памочнік гарадзкога пракурора Алег Агафонаў. Псыхолягі камэнтаваць выпадак канібалізму да заключэньня псыхіятрычнай экспэртызы адмаўляюцца. Яны лічаць, што, найверагодней, вінаваты алькагалізм, які вядзе да дэградацыі асобы. У беларускім Крымінальным кодэксе няма артыкулу, які прадугледжвае пакараньне за канібалізм, бо няма нават такога тэрміну. Супрацоўнікі пракуратуры схіляюцца да думкі, што замест людажэрства ў гэтай справе будзе ўжыты артыкул “зьдзек з трупа”. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |