RFE/RL |
Пятніца - нядзля, 19 - 21 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Заўтра ў Вашынгтоне адбудзецца цырымонія інаўгурацыі Джорджа Буша, пасьля якой ён афіцыйна зойме пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі. Тым часам некалькі гадзінаў таму 42-гі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан зьвярнуўся са зваротам да амэрыканскага народу з Авальнай залі Белага Дому… (Клінтан: ) “Усё, што я рабіў як прэзыдэнт, кожнае рашэньне, якое я прымаў, кожнае распараджэньне, якое я даваў, кожны закон, які я падрыхтаваў і падпісаў – гэтым я імкнуўся даць усім амэрыканцам прылады і ўмовы, каб пабудаваць будучыню нашай мары: добрае грамадзтва з моцнай эканомікай, чыстым навакольным асяродзьдзем, больш свабодны і больш бясьпечны, больш замежны сьвет”. Газэта “Washington post” адзначае, што Клінтан адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы краіны да пашырэньня гандлю і збліжэньня рынкаў і нацыянальных эканомік, якое пазьней сталі называць глябалізацыяй. Ягоная адміністрацыя дзейнічала хутка і рашуча, каб аслабіць наступствы ўсясьветных фінансавых крызісаў – у Мэксыцы ў 1994-ым і ў Азіі ў 1997-ым. У замежнай палітыцы Клінтан ішоў доўгімі шляхамі. Пасьля сур’ёзных памылак у Самалі, на Балканах і ў Руандзе Клінтан спасьціг важны ўрок: як адзіная ў сьвеце звышдзяржава, Злучаныя Штаты, павінная актыўна прысутнічаць ва ўсіх праблемных месцах у сьвеце – калі не са зброяй, то шляхам жорсткай дыпляматыі. Los-Angeles Times піша: “якая б не была спадчына Клінтана як палітыка, сябра ці ворага, ужо зараз можна назваць яго найбольш адораным палітыкам свайго часу. Ён таксама разглядаецца як трагічная фігура, чыя асабістыя слабасьці пашкодзілі той выбітнасьці, якую абяцаў ягоны палітычны геній. Клінтан мае уражвальную здольнасьць вучыцца на сваіх уласных памылках і вынаходзіць новы шлях паводзінаў у якасьці прэзыдэнта. Клінтан быў адзным з найлепшых студэнтаў прэзыдэнцтва, клясічным прыкладам шэфа, які навучаўся сваёй працы пад час працы – і навучаўся больш з правалаў, а не посьпехаў. Яшчэ адна якасьць Клінтана – здольнасьць усталёўваць сувязі з простымі людзьмі. Ён выклікаў такі беспрэцэдэнтны давер у афра-амэрыканцаў, што некаторыя пачалі называць яго “першы чорны прэзідэнт”. Брытанскі “Economist” задаўся пытаньнем, што стане са спадчынай Клінтана пры новай амэрыканскай адміністрацыі. 8 гадоў праўленьня Клінтана прывялі да таго, што многія рэспубліканцы даўно прагнуць перарабіць шмат з таго, што было ім зроблена. Найбольш гэта тычыцца чатырох сфэраў. Па-першае, занадтая вялікая, на думку рэспубліканцаў, абарона наваколькага асяродьдзя. Мільёны акраў зямлі былі абвешчаныя нацыянальнымі паркамі, а значыць, выведзеныя з гаспадарчага і бізнэс-абаротаў. Па-другое, працоўнае заканадаўства. Процілеглыя погляды маюць рэспубліканцы і наконт антыманапольнай палітыцы, якую праводзіў Клінтан, а таксама ў пытаньні абортаў. Часопіс “Newsweek” адзначае, што нават паводле самых строгіх падлікаў, Клінтан выканаў больш як 95 адсоткаў сваіх перадвыбарчых абяцаньняў. Працуючы шчыльна разам з Аланам Грынспэнам, кіраўніком Ф’дэральнай рэзэрвовай сыстэмы (аналяг Нацыянальнага банку), Клінтан давёў упершыню за многія гады, што падатковая і валютная палітыка могуць ісьці разам. Ягонае непапулярнае рашэньне патраціць 40 мільярдаў даляраў на выратаваньне Мэксыкі ад фінансавага крызісу ў выніку спрацавала, як і некаторыя іншыя рызыкоўныя крокі – пошук міру ў Паўночнай Ірляндыі і мабілізацыя НАТО для ўдараў па сэрбах у Косава. Часопіс “Economist” піша, што палітычна Клінтан увойдзе ў гісторыю за пасьпяховую спробу зрабіць дэмакратычную партыю больш цэнтрысцкай, за адмову ад “фальшывага выбару” паміж эканамічным ростам і абаронай навакольнага асяродьдзя, умацаваньнем законнасьці і моцнай абаронай меншасьцяў. Пры Клінтане ўдавалася сумяшчаць гэтыя раней несумяшчальныя мэты”. Біл Клінтан, які 8 гадоў таму абяцаў больш увагі прысьвяціць унутраным праблемам Злучаных Штатаў, эканоміцы і сацыяльным праблемам, на практыцы актыўна ўключыўся ў міжнародную палітыку. Ён, у прыватнасьці, выдатна паўплываў на заканчэньне грамадзянскай вайны ў Босьніі Герцагавіне і на дэмакратычныя пераўтварэньні ў Югаславіі. Яшчэ ў чэрвені мінулага году Клінтан гаварыў: (Клінтан: ) “Мы таксама мусім застацца нязломнымі ў нашай падтрымцы дэмакратычнай трансфармацыі ў Сэрбіі. І калі ў будучыні гэта мае быць рэгіён дэмакратыі і талеранцыі, дык ня можа быць ніякай будучыні для Мілошэвіча і ягонай палітыкі міжэтнічнай варажнечы і этнічных чыстак”. Цягам 8 гадоў сваёй прэзыдэнцтва Клінтан пасьлядоўна імкнуўся да мірнага ўрэгуляваньня на Блізкім Ўсходзе. Напрыканцы свайго тэрміну, ён паспрабаваў яшчэ раз прывесьці да мірнай дамовы паміж Ізраілем і палестынцамі. Калі ў верасьні пачалася крывавая палестынская “ інтыфада”, Клінтан арганізаваў ў Вашынгтоне чарговыя ізраільска-палестынскія перамовы. Перад адной з такіх сустрэчаў у кастрычніку мінулага году ён сказаў: (Клінтан: ) “Наша сустрэча ня можа быць лёгкай з прычыны двух тыдняў трагічнага і жахлівага супрацьстаяньня, якое спрычыніла мноства чалавечых ахвяраў і ранаў. Яно паставіла пад пагрозу усё тое, што было дасягнутае паміж Ізраілем і палестынцамі, а таксама ва ўсім рэгіёне, цягам апошніх 7 гадоў”. У лістападзе мінулага году Біл Клінтан прыбыў з гістарычным візытам у Віетнам. Візыт амэрыканскага прэзыдэнта, які з віетнамскай вайною ня меў нічога супольнага і супраць якой ў маладосьці выступаў, запачаткаваў сапраўднае прымірэньне паміж дзьвюма краінамі. Прамаўляючы ў Нацыянальным Унівэрсытэце ў Ганоі Клінтан сказаў: (Клінтан: ) “Давайце адно аднаму дапамагаць залечваць ваенныя раны,
адначасова не забываючы і мужнасьці і жахлівых пакутаў абодвух бакоў, але
ўмацоўваючы дух прымірэньня і сьмеласьці у пабудове лепшай будучыні для
нашых дзяцей”.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |