RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 19 Студзеня 2001

Сёньня:



Галасаваньне за ўступленьне ў Каардынацыйную раду, якая будзе падтрымліваць на прэзыдэнцкіх выбарах А.Лукашэнку, адбылося 17 студзеня ў Саюзе мастакоў Беларусі. Толькі тры сябры Рады Саюзу адмовіліся агітаваць за кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнку.

Нечаканыя вынікі галасаваньня многія тлумачаць жабрацкім становішчам большасьці дзеячаў культуры. Залежнасьць ад міласьцінаў улады вымушае творчых асобаў ісьці насуперак уласным перакананьням.

Нейкі час таму мастакі даведаліся, што рыхтуецца адмысловы загад наконт карыстаньня майстэрнямі на камэрцыйнай аснове — ледзьве не даляр за квадратны мэтар (ці трэба тлумачыць, што без майстэрні мастак існавацьня можа).

Па-другое, нават усеагульнае прызнаньне таленту патрабуе падмацаваньнья пэўнымі рэгаліямі, а гэта цалкам залежыць ад волі дзяржаўных чыноўнікаў. Схільнасьць да апазыцыі (нават у выказваньнях) аўтаматычна пазбаўляе ўсялякай увагі з боку кіраўніцтва дзяржавы й галіновага міністэрства.

Перад выбарамі наступ на творчыя саюзы пачаўся з асаблівай сілай. Многія адмаўляюць факт мэтанакіраванага ўзьдзеяньня з боку ўладаў, але сакратар Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга паведаміў наступнае:

(Басалыга: ) "Прыйшоў такі ліст, што мы павінны вырашыць гэтую праблему — прыняць ці не прыняць у гэтым удзел. Вось і ўсё".

Як абмяркоўвалі перадвыбарчую пазыцыю, спадар Басалыга не ўдакладніў, але іншыя крыніцы канстатавалі, што хістаньняў амаль не было: большасьць выказалася за давер Лукашэнку. Фэномэн камэнтуе Мікола Купава:

(Купава: ) "Нейкі ліст паступіў: далучыцца да нейкай Каардынацыйнай рады. Пералічаны там арганізацыі; зачыталі нам усяго толькі некалькі, там Машэрава й казакі. Можна сабе ўявіць, што гэта такое.

І вось яны заклікаюць уступіць. Ну дык мы былі ня згодныя, таму й не галасавалі за гэта. А большасьць прагаласавала, каб уступіць у тую арганізацыю Тры чалавекі былі супраць, і чатыры ўстрымаліся. Вось так было.

Я зразумеў, што туды нельга ўступаць — хто падтрымлівае палітыку цяперашнюю, разумееш... Ну во і ўступілі".

Яшчэ адзін мастак у прыватнай размове выказаўся так: лепш даць згоду, і гэтак усё захаваць як ёсьць, а потым нікуды не хадзіць й ні за кога не галасаваць. Маўляў, калі выявіш антыўладнуюй пазыцыю, адпаведныя захады будуць прынятыя неадкладна.

А застацца на баку ўлады — значыць, мець шэраг прывілеяў — ад магчымасьці ладзіць пэрсанальныя выставы на радзіме й за яе межамі й да шчодра фінансаваных сацыяльных заказаў.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org