RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 19 Студзеня 2001

Сёньня:



Рэдактар газэты “Наша свабода“ Павал Жук не выключае, што ў суботу ці нядзелю яго могуць затрымаць. Тады з панядзелка змогуць ужо праводзіць сьледчыя дзеяньні па справе, узбуджанай пракуратурай па публікацыі артыкула “Врачебное заключение”.

Рэспубліканская пракуратура завяла крымінальную справу пасьля зьяўленьня артыкула, дзе псыхіятар вызначыў дыягназ А.Лукашэнку. Гэта пакуль не адбілася на працы рэдакцыі газэты “Наша свабода”.

Рэдактар Павал Жук паведамляе, што рэдакцыя працуе ў ранейшым рытме, рыхтуе чарговы нумар, які павінен выйсьці ў панядзелак. Нікога з супрацоўнікаў рэдакцыі на допыты сьледчыя пакуль не выклікалі. Але Павал Жук не выключае, што з панядзелка сьледчыя актывізуюцца, а асабіста ён можа адчуць гэта й раней.

Спадар Жук згадвае ціск на газэту “Навіны” восеньню 1999 году, калі быў надрукаваны артыкул з крытыкай цяперашняга генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Павал Жук мяркуе, што ўзбуджэньне справы паводле крымінальнага артыкулу — вялікая памылка пракуратуры, бо гэта пацягне грамадзкую ўвагу да псыхічнага стану кіраўніка дзяржавы, чаго ўлады якраз хацелі б пазьбегнуць. Такім чынам, паводле Жука, Віктар Шэйман аказаў свайму начальніку мядзьведжую паслугу.

Паводле Жука, сёньня ён даў ужо больш як дзесяць інтэрвію розным выданьням і агенцыям з прычыны ўзбуджэньня крымінальнай справы, якая толькі павысіла цікаўнасць да дыягназу, які паставіў Лукашэнку незалежны экспэрт Шчыгельскі.

Тымчасам калегі Жука ўжо робяць захады, каб дамапагчы яму ў змаганьні за газэту. Беларуская асацыяцыя журналістаў вывучае становішча й рыхтуе адпаведнае даукмэнты на захады пракуратуры. Распавядае віцэ-прэзыдэнт БАЖу Анатоль Гуляеў.

(Гуляеў: ) "Мы зьвяртаемся да ўсіх нашых калег, перадамо ва ўсе праваабарончыя й журналісцкія арганізацыі, зь якімі супрацоўнічаем, паведамленьне пра тое, што ўзбудзілі крымінальную справу. Упершыню ў Беларусі прымянілі артыкул новага Крымінальнага кодэксу — пра абарону гонару й годнасьці прэзыдэнта. На гэта зьвернем ўсіхную увагу.

Пакуль што пачакаем водгукаў ад нашых калегаў ды партнэраў у сумеснай барацьбе за свабоду слова. А там будуць ужо нейкія іншыя дзеяньні".

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org