RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 17 Cтудзеня 2001

Сёньня



Генэрал Джозэф Кабіла – сын прэзыдэнта Конга Ларана Кабілы часова ўзяў на сябе абавязкі кіраўніка краіны. Лёс самога прэзыдэнта – пакуль невядомы…

Кангалескія афіцыйныя асобы цьвердзяць, што прэзыдэнт Ларан Кабіла жывы, але замежныя афіцыйныя асобы ацанілі гэта як спробу выйграць час, каб забясьпечыць пераемнасьць улады піша New York Times.

Джозэф Кабіла, які перад тым займаў пасаду кіраўніка кангалескага войска, стаў часовым кіраўніком краіны супраць ураду якой вядуць вайну тры групоўкі паўстанцаў і войскі двух дзяржаваў.

Няпэўнасьць сытуацыі магла б перарасьці ў большы гвалт і таму антыўрадавая кааліцыя заклікала ўлады вярнуцца да мірнага пагадненьня падпісанага ў 99 годзе, якога, зрэшты, не трымаўся ніводны з бакоў – піша New York Times.

International Herald Tribune спасылаецца на кангалескага пасла ў Зымбабвэ, які заявіў, што Ларан Кабіла жывы, але знаходзіцца ў крытычным стане. Газэта паведамляе, што на вуліцах Кіншасы людзі абмяркоўваюць гэтае пытаньне.

Некалькі паліцыянатаў без энтузіязму паспрабавалі разагнаць натоўп. “Пакіньце нас у спакоі, – закрычала на іх маладая жанчына – Кабіла мёртвы!” Тым часам некаторыя людзі з натоўпу сьпявалі: “Мы - свабодныя!”

Бальшыня атачэньня Ларана Кабілы, а таксама вайскоўцы, шырока ўжывалі свагілі – мову якая бытуе ў роднай вобласьці прэзыдэнта. “Давайце ня слухаць больш свагілі!” – крычаў на вуліцах Кіншасы малады чалавек. “У часы Мабуту, – паведамляе International Herald Tribune, – вайскоўцы гаварылі вылучна на лінгала – асноўнай мове Кіншасы.

Сёньняшняя Independent паведамляе пра рэакцыю на падзеі ў Конга афіцыйнага Зымбабвэ – галоўнага саюзьніка прэзыдэнта Кабілы ў грамадзянскай вайне. Траціна зымбабвійскага войска разгорнутая на кангалескай тэрыторыі. Газэта цытуе міністра абароны Зымбабвэ, які сказаў: “У гэты цяжкі момант мы ня будзем адмаўляцца ад народу Конга. Усёй сваёй магутнасьцю мы рушым у наступ і выканаем сваю місыю выгнаньня захопнікаў”. Пад захопнікамі міністар разумее войскі Руанды і Ўганды, якія падтрымліваюць паўстанцаў.

Тым часам агэнства Ройтар, са спасылкай на неназваную асобу зь міністэрства інфармацыі Конга, паведаміла, што прэзыдэнт Ларан Кабіла памёр пасьля перастрэлкі з адным са сваіх вайскоўцаў. Ягонае цела ў нядзелю будзе перавезенае ў Кіншасу. Пахаваньне адбудзецца ў наступны аўторак.

Сытуацыя ў Кіншасе ў чацьвер была спакойнай. Вайсковая прысутнасьць адчувалася толькі ў наяўнасьці ўзброеных жаўнераў-ахоўнікаў ля некаторых урадавых будынкаў.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org