RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 17 Cтудзеня 2001

Сёньня



Крычаўскі гарвыканкам не дазволіў заснавальнікам газэты “Наша думка” распаўсюджваць гэтае выданьне на тэрыторыі гораду…

На працягу 18-ці месяцаў “Наша думка” выходзіла накладам 299 асобнікаў. Вывучыўшы чытацкі попыт, заснавальнікі газэты – мясцовае аб’яднаньне “Кантакт-цэнтар” – вырашылі зарэгістраваць выданьне.

На сёньняшні дзень усе неабходныя дакумэнты ў Дзяржкамдрук падрыхтаваныя. За выключэньнем дазволу крычаўскага райвыканкаму.

Паводле заканадаўства, улады павінны адказваць на звароты жыхароў цягам месяца. Прайшло некалькі месяцаў, а рэакцыі так і не паступіла.

Новы кіраўнік раённай вэртыкалі Іван Пракопаў на сустрэчы з рэдактарам выданьня Леанідам Сьвецікам заявіў: усё будзем рабіць у адпаведнасьці з законам.

Заснавальнікаў газэты папярэдзілі, што іх пытаньне будзе разглядацца на бліжэйшым пасяджэньні райвыканкаму. Аднак, прайшло некалькі пасяджэньняў, а пытаньне так і не паставілі ў парадак дня.

Як вядома, у такой жа сытуацыі апынулася пінская газэта “Правінцыя”, але ж пінская вэртыкаль пісьмова адмовілася даць дазвол на распаўсюджваньне ў горадзе гэтага выданьня.

Крычаўскі райвыканкам дагэтуль трымае заснавальнікаў газэты “Нашая думка” ў няведаньні. Калі яны накіравалі скаргу ў магілеўскі аблвыканкам, адказу не атрымалі. Рэдактар газэты Леанід Сьвецік заявіў, што пасьля яшчэ аднаго месяца маўчаньня вэртыкалі яны альбо арганізуюць пікет, альбо накіруюць у суд пазоў супраць выканаўчай улады.

Паводле інфармацыі рэдактара, зьвярнуцца ў суд яму параілі менавіта супрацоўнікі Дзяржкамдруку. Калі ж і гэтыя меры не дапамогуць, заснавальнікі “Нашай думкі” будуць шукаць дапамогу ў міжнародных праваабарончых арганізацыях.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеўская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org