RFE/RL |
Чацьвер, 18 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Дзяржаўны камітэт статыстыкі й аналізу падвёў вынікі працы ў дзяржаўным сэктары за 2000 год. Амаль паўсюль — вялікія эканамічныя посьпехі. Незалежныя эканамісты ўсё ж мяркуюць, што гэтыя паказчыкі патрабуюць значных карэктываў і тлумачэньняў. Леташняя аналягічная справаздача Дзяржкамстату выклікала шмат пытаньняў перш за ўсё ў эканамістаў. Лічбы відавочна не адпавядалі рэальнасьці. У кулюарных размовах эканамістаў часта можна было пачуць пра "сацыяльны заказ улады". У цяперашняй справаздачы большасьць лічбаў нашмат пераўзыходзіць нават спрэчныя паказчыкі мінулага году. Згодна са зьвесткамі Дзяржкамстату, аб'ём сукупнага ўнутранага прадукту ў 2000 годзе вырас на 6% у параўнаньні з 1999-м. Выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся на 9%, спажывецкіх тавараў на 2,5%, а раздробны таваразварот на 8,5%. Віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа кажа, што ўсе гэтыя лічбы трэба разглядаць вельмі скептычна: (Патупа: ) "Калі мы размаўляем пра гэты ўнутраны прадукт, цікава, якія адсоткі бартэру ў эканоміцы гэтай краіны. Пры дужа высокай вазе бартэру гэтыя лічбы памылковыя фактычна на 5–6%, таму ўся гэтая дэманстрацыя пад вялікім пытаньнем. Таму я на гэтыя лічбы вельмі скептычна гляджу. Я б глядзеў на гэта так, як па міжнародных стандартах патрэбна. Гэта ж не жывыя грошы, а ўлік папяровы ці кампутарны", — мяркуе А.Патупа. Найбольшыя паказчыкі прыпадаюць на сельскую гаспадарку. Аб'ёмы сельгаспрадукцыі перавысілі лічбы 1999 году амаль на 9%. Бульбы ў 2000 годзе сабрана больш на 16%, збожжа на 33%, ільну на 78% і г.д. Дзяржаўныя закупы сельгаспрадукцыі перавысілі 50% у параўнаньні з 1999 годам. Камэнтары з нагоды незвычайных працоўных посьпехаў Беларусі акадэміка Івана Нікітчанкі амаль такія ж, як і ў спадара Патупы — гэта не адпавядае рэчаіснасьці: фінансаваньне сельскай гаспадаркі ў 2000 годзе адбывалася паводле рэшткавага прынцыпу. Падвышэньня ж заробкаў амаль няма (сярэдні заробак каля $35, у эквіваленце), індэкс спажывецкіх коштаў у адносінах да сьнежня 1999 году склаў ажно 207%. Парадокс, але вызначаны ўрадам пражытковы мінімум перавышае заробкі асобных сацыяльных групаў — прыкладам, настаўнікаў, лекараў, нізкакваліфікаваных рабочых. Тым часам кошты на тавары найпершай неабходнасьці працягваюць расьці, у шэрагу выпадкаў яны пераўзыходзяць міжнародны ўзровень. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |