RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 18 Студзеня 2001

Сёньня:



Кіраўніцтва беларускага бюро Інтэрполу адмовілася патлумачыць, чаму Павал Барадзін ня быў арыштаваны, калі прыяжджаў у Менск. Між тым, у бюро не абвяргаюць, што адпаведныя дакумэнты на арышт Барадзіна яны атрымалі.

У беларускім бюро Інтэрполу не вітаюць сёньняшняга арышту П.Барадзіна ў Нью-Ёрку, але й не аспрэчваюць законнасьці дзеяньняў амэрыканскай паліцыі ды калегаў з Інтэрполу.

Намесьнік дырэктара Нацыянальнага бюро Інтэрполу Валяр'ян Шаблоўскі гэтак адрэагаваў на затрыманьне Барадзіна:

(Шаблоўскі: ) "Калі затрымалі, то добра. Значыць, яны маюць пытаньні да Паўла Барадзіна й былі адпаведныя дакумэнты на ягонае затрыманьне".

Нагадаю, гэтая міжнародная арганізацыя створаная дзеля затрыманьня злачынцаў ды падазраваных у злачынствах, якія хаваюцца ад органаў правапарадку.

Беларусь, якая падпісала адпаведную дамову з краінамі-ўдзельніцамі Інтэрполу, спраўна выконвала свае абавязацельствы, калі ня браць выпадку з П.Барадзіным.

Пакуль Барадзіна шукалі ва ўсёй Эўропе, Барадзін ня раз бываў у Беларусі, але тут яго не затрымлівалі. "Чаму?" — спытаўся я ў намесьніка дырэктара беларускага Інтэрполу.

Валяр'ян Шаблоўскі на гэтае пытаньне адказваць адмовіўся.

(Шаблоўскі: ) "Я ж сказаў, што гэткая спэцыфіка нашай працы. Усё адно, каб чалавека затрымаць, на яго павінны быць дакумэнты, якія даказваюць, што яго варта арыштаваць", — патлумачыў сп.Шаблоўскі.

На пытаньне, ці атрымлівала бюро адпаведныя дакумэнты ці зьвесткі пра вышук Паўла Барадзіна, спадар Шаблоўскі адказваць не пажадаў.

(Шаблоўскі: ) "Не, у гэтыя пытаньні мы ня будзем пакуль паглыбляцца", — сказаў нашаму радыё намесьнік дырэктара Беларускага бюро Інтэрполу.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org