RFE/RL |
Серада, 17 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Некалькі грамадзкіх арганізацыяў Пінску працяглы час ня могуць зарэгістравацца ва ўправе юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму. Кіраўнікі арганізацыяў тлумачаць гэта тым, што чыноўнікі стараюцца не дапусьціць пашырэньня “трэцяга сэктару” ў горадзе… Моладзевы цэнтар “Правы чалавека”, які аб’ядноўвае мясцовых студэнтаў-юрыстаў, спрабуе зарэгістравацца ўжо больш за год. Але дагэтуль, з прычыны дробных чапляньняў да статуту чыноўнікаў з абласнога ўпраўленьня юстыцыі, гэтага зрабіць не ўдалося. Кіраўнік “Цэнтру” Андрэй Палхоўскі кажа, што апошні раз яму адмовілі з-за таго, што ў назове арганізацыі ўтрымліваецца слова “цэнтар”. Гаворыць спадар Палхоўскі: (Палхоўскі: ) “Намі быў атрыманы наступны адказ, што Міністэрства юстыцыі прыняла новыя правілы рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, згодна зь якімі слова “цэнтар” зара ужываць нельга. На маю думку, гэта тычыцца многіх грамадзкіх аб’яднаньняў, якія дзейнічаюць у Беларусі”. Варта адзначыць, што пры гэтым адказны за рэгістрацыю чыноўнік Віктар Дзядкоў адмовіўся выдаць у рукі Андрэю Палхоўскаму копію згаданага загаду. Даведацца, што гэта за заканадаўчы акт, які не дазваляе выкарыстоўваць слова “цэнтар” ва ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму мы не змаглі, бо спадар Дзядкоў захварэў. Ніхто іншы на гэтае пытаньне адказаць ня змог. Яшчэ адзін пінскі інфармацыйна-адукацыйны цэнтар “ХХІ стагодзьдзе спрабуе зарэгістравацца ад чэрвеня 1999 году. Чатыры разы арганізатары перараблялі статут і дасылалі ў Берасьце. А, пачынаючы ад красавіка мінулага году, упраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму ўвогуле, без аніякіх тлумачэньняў, спыніла перапіску з Цэнтрам у справе рэгістрацыі. Не дапамагла і нядаўняя скарга ў Мінюст. Там таксама не адказваюць. Яшчэ адна, абсалютна апалітычная, грамадзкая арганізацыя “Бусьляня надзеі” , якая займаецца рэабілітацыяй і аздараўленьнем дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобылю, у свой час здолела зарэгістравацца. Аднак цяпер пастаянна церпіць ад умяшальніцтва ў дзейнасьць усё таго ж упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму. Кіраўнік арганізацыі Вольга Шульга паведаміла Радыё Свабода, што ў адным з апошніх сваіх лістоў чыноўнік з упраўленьня Віктар Дзядкоў патрабуе ад арганізацыі, напрыклад, правесьці сход, у вызначаны ўпраўленьнем тэрмін. Ці зьмяніць некаторых адказных асобаў у арганізацыі. Чаму ж у Берасьці так зацята ня хочуць рэгістраваць грамадзкія арганізацыі? Разважае старшыня інфармацыйна адукацыйнага цэнтру “ХХІ стагодзьдзе” Алесь Моргаль: (Моргаль: ) “Я думаю, што гэта дзеяньні не адной канкрэтнай асобы – Дзядкова. Гэта, мне здаецца, такі агульны падыход, які існуе ў Беларусі. Гэтая сытуацыя паказвае, што ўлада Беларусі не жадае, каб легальным чынам разьвівалася грамадзкая дзейнасьць”. Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |