RFE/RL |
Серада, 17 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Былы прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Міхаіл Чыгір, які да суду правёў некалькі месяцаў у турэмнай камэры, распавядае Радыё Свабода пра арышт і ўмовы ўтрыманьня за кратамі… Першае, што б я хацеў сказаць – гэта нізкі ўзровень, нават адсутнасьць прававой культуры як у Беларусі, так і Расеі. Тое, што тычыцца майго арышту, я павінен сказаць, што было выкарыстана зброя, мы былі затрымананыя ў момант руху на аўтамабілі, шлях быў перакрыты іншым аўтамабілем. З таго аўтамабіля выскачылі ўзброеныя людзі і скьіравалі свае ствалы на мяне і на кіроўцаў аўтамабіля, у якім я ехаў. Я ня думаю, што яны дапускалі магчымасьць, што я буду адстрэльвацца, што я маю з сабой зброю, але ж вось такія паводзіны былі ў момант майго арышту. Яшчэ магу сказаць такі факт, які я ведаю дакладна. Калісьці ў Савецкім Саюзе ў 1982 годзе была спроба апублікаваць кнігу Анжэлы Дэвіс. Яна ў гэтай кнізе пісала аб тым, што ёй не дазвалялі трымаць у камэры (у 80-м годзе прыблізна) каляровы тэлевізар, быў толькі чорна-белы. Анжэлу Дэвіс прасілі, а гэта права аўтара, каб яна гэты выпадак апусьціла. Вы ведаеце, зь ёй доўга гутарылі, яна так нічога і не зразумела, што ад яе хочуць і чаму ня хочуць з такім фактам друкаваць кнігу ў Савецкім Саюзе. Камэра ў мяне, павінен сказаць, ня вельмі густа заселеная. У камэры трымалі 4 чалавекі, але ложкі былі ў 2 ярусы. Потым месяцы праз тры-чатыры мяне перавялі ў больш свабодную камэру, там таксама былі 4 чалавекі, але ўжо ложкі былі на адным узроўні. Камэра па плошчы была большая. Я павінен сказаць, самае страшнае гэта тое, што на вокнах “валадаркі” былі “расьнічкі” – вельмі груба сплаўленыя стальныя пласьціны, якія навараныя на вокны па-за кратамі. Яны вельмі стрымліваюць доступ дзённага сьвятла і сонца. Калі на двары цёплае надвор’е, вядома ж, можаце сабе ўявіць: сядзяць асуджаныя, а ўсе сьцены “плачуць”. Усе разьдзяваюцца, бо вельмі горача, кандэнсат зьбіраецца на сьценах і са сьценаў сьцякае на падлогу, якая зробленая з бэтону. Я павінен сказаць, што гэта вельмі страшна. Хворы чалавек, які туды патрапляе, будзе хварэць і шанцаў у яго выжыць там вельмі-вельмі мала... Гаварыў Міхаіл Чыгір
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |