RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 17 Cтудзеня 2001

Сёньня



Паводле статыстыкі, беспрацоўе на Гарадзеншчыне зьменшылася. Аднак, ніхто ня ўлічвае схаванага беспрацоўя – нярэдка здараецца, што работнікі маюць працоўныя месцы, але ня маюць працы і заробкаў. Адным з прыкладаў гэтага ёсьць гарадзенскі грузавы аўтапарк №2.

Сярод рабочых мацнее незадавальненьне. З гэтым мусіць лічыцца галіновы прафсаюз. Зьбіраўся ягоны прэзыдыюм. Вырашана ісьці да кіраўніка вобласьці Аляксандра Дубко – хай дапаможа. Але, ці дапаможа? Хутка два месяцы, як сталай працы для большасьці ў аўтапарку няма і ня будзе, прынасі, да красавіка. Спачатку рабочых распусьцілі ў плянавыя адпачынкі, пасьля – сваім коштам. Па словах аднаго з кіраўнікоў аўтапарку Мікалая Мінчука, трагедыя ў тым, што няма працы, няма за што купіць паліва, а расцэнкі такія, што кожны рэйс аўтамабіля дае страты на 21 адсотку. Спрабавалі шукаць працу ў Расеі, але там своечасова не расплочваюцца. Што рабіць? У адказ з аўтатрансу паступіла распараджэньне – колькасьць рабочых зрабіць адпаведнай аб’ёму работ, якія выконваюцца, іншымі словамі, звальняць лішніх.

Па словах кіраўніка прафсаюза Івана Цесьлюка, у такім разе трэба скараць каля траціны работнікаў – чалавек 60. А пакуль, хто на вёску зьехаў часова, хто заняўся нейкім гандлем. У аўтапарку шафёрам прапануюць працу дворнікаў, але мала хто згаджаецца. На адным месцы даюць магчымасьць па тыдні папрацаваць некалькім работнікам, каб кожны мог хоць трохі зарабіць.

Намесьнік начальніка Аблаўтатрансу Аляксандар Карповіч стараецца не ўжываць слова “звальненьне”. Ён тлумачыць мне, што хай у аўтапарку альбо знаходзяць новыя заказы, альбо шукаюць працу для сваіх людзей праз бюро занятасьці. Пэнсіянэраў трэба на пэнсію адпраўляць, – працягвае ён, – паволі так вырашаць праблему, можа, хтосьці і сам звольніцца. Ня маючы працы, работнікі, аднак, трымаюцца за свае месцы. Апынуцца сярод беспрацоўных ніхто не жадае. Рэальна толькі чвэрць зь іх атрымлівае дапамогу па беспрацоўі. Прычым, у лістападзе, напрыклад, гэтая дапамога была роўная ўсяго чатыром тысячам рублёў у месяц.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org