RFE/RL |
Серада, 17 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Газэта Sueddeutsche Zeitung зьмясьціла сёньня артыкул пра беларуска-расейскія дачыненьні пад назвай “Братняя любоў канчаецца там, дзе пачынаюцца грошы”. Томас Урбан Разыходжаньні ў справе плянаванага валютнага саюзу азмрочваюць беларуска-расейскія дачыненьні. Прыймовая каманда на маскоўскім лётнішчы Шарамецьева была нямала зьдзіўленая. Найперш з самалёта беларускага прэзыдэнта былі ўрачыста вынесеныя хакейныя клюшкі і рыштунак, і толькі пасьля паказаўся афіцыйны госьць Аляксандар Лукашэнка. Ён прыляцеў у расейскую сталіцу, каб адкрыць «Дні беларускай культуры ў Маскве», у праграму якіх ухаводзілі таксама спартовыя спаборніцтвы. Аднак падарожжа Лукашэнкі ў Маскву несла ў сабе і моцны палітычны зарад. Рэч у тым, што паміж Масквою й Менскам апошнім часам відавочна ня ўсё ладзіцца. На пачатку тыдня беларускае Міністэрства Юстыцыі абвясьціла, што рыхтаваны абодвума бакамі валютны саюз у той форме, як пра гэта дамовіліся позьняй восеньню Лукашэнка з Пуціным, пярэчыць канстытуцыі. Вось жа, расейцы зыходзяць з таго, што агульная валюта ад 2005 году будзе чаканіцца і друкавацца ў Маскве, а гэта супярэчыць акрэсьленай у беларускай канстытуцыі юрысдыкцыі Нацыянальнага Банку краіны. Ні ў Маскве, ні ў Менску ніхто не сумняваецца, што гэты выпад міністэрства быў загадзя ўзгоднены з Лукашэнкам. Нават больш — ён успрымаецца як частка стратэгіі былога інструктара КГБ, з дапамогай якой ён хоча ўзмацніць свае пазыцыі ў супрацьстаяньні з былым палкоўнікам КГБ Пуціным. Расейская прэса ўжо нейкі час зварачае ўвагу на тое, што абодва прэзыдэнты ня маюць адзін да аднаго вялікіх асабістых сымпатыяў. Лукашэнка мае на гэта добрую падставу: за часы Барыса Ельцына ён быў фаварытам расейскіх нацыянал-камуністаў і ўжо мабыць бачыў сябе кіраўніком аб’яднанай дзяржавы, будучым уладаром Крамлю. А Пуцін мусіць крыўдзіцца на Лукашэнку за тое, што той прапускае міма вушэй маскоўскія парады наконт зьмены эканамічнага курсу. Апрача таго Аляксандар Лукашэнка апошнім часам звольніў некалькіх кіраўнікоў КГБ, якія лічыліся даверанымі асобамі Крамлю. І вось, звольнены Лукашэнкам у сьнежні шэф сакрэтнай службы Ўладзімер Мацкевіч, паводле маскоўскай газэты «Сегодня», нібыта выстаўляецца Крамлём як канкурэнт Лукашэнкі на абвешчаных на гэты год прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнкава стратэгія ў гэткіх умовах палягае ў тым, каб прызначыць рэфэрэндум аб зьмене канстытуыцыі. Пры гэтым на ра згляд рэфэрэндуму было б пастаўленае пытаньне ня толькі аб валютным саюзе, але і аб працягу Лукашэнкавых паўнамоцтваў. Апрача ўсіх гэтых спэкуляцыйных развагаў у Маскве былі зафіксаваныя і факты. А менавіта — палітыкі і вэтэраны спорту з абедзьвюх краінаў згулялі між сабою ў хакей. Беларусы перамаглі 8:5. Загнал шайбу і Лукашэнка. Пераклаў Сяргей Шупа
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |